У Бабруйску правялі эксперымент, з якімі бар'ерамі сутыкаецца інвалід-вазочнік па шляху на працу (фота)
Бабруйчанка Анастасія Фёдарава вырашыла прайсці маршрутам сваёй сяброўкі Кацярыны, якая жыве каля авіягарадка (вуліца Дзімітрава), а на працу дабіраецца ў сацыяльны цэнтр Ленінскага раёну (вуліца Лібкнехта). Кацярына скардзілася, што палову шляху ёй даводзіцца перасоўвацца па праезнай частцы, а нізкападлогавага аўтобуса даводзіцца чакаць вельмі доўга.
Для здаровага чалавека шлях ад Дзімітрава да Лібкнехта пешшу займе максімум паўгадзіны, аўтобусам - хвілін 10. Але Анастасія і яе падарожнікі страцілі на дарогу больш за дзве гадзіны.
Яўген Васьковіч, стары сябар Анастасіі Фёдаравай, пагадзіўся прайсці гэты шлях у інвалідным вазку, каб адчуць дарогу так, як адчуваюць яе вазочнікі. Старт вандроўкі прызначылі на плошчы Перамогі.
Яўген сеў у просты вазок, ён рухаецца ці з дапамогай уласных рук, ці іншага чалавека, які штурхае яго ззаду. Анастасія ў электравазку. Іх суправаджаюць мясцовыя журналісты - яны робяць фота і відэа, і Віктар, сябар Анастасіі. Ён захапіў з сабой лінейку, каб мераць найбольш небяспечныя з выгляду перашкоды.
Ужо праз пару соцень метраў Яўген адчуў дыскамфорт на скуры рук, яму набылі хлопкавыя гаспадарчыя пальчаткі.
-Гэтых пальчатак табе б хапіла на пару разоў, - каментуе Анастасія, - звычайна вазочнікі набываюць скураныя пальчаткі, якімі карыстаюцца раварысты.
І сапраўды, недзе ў сярэдзіне шляху на пальчатках з'явіліся дзірачкі, і яны моцна перапэцкаліся.
Ад плошчы Перамогі грамада рушыла да скульптуры Бабра, а далей, пераадольваючы першыя сур'ёзныя перашкоды, высокія бардзюры ля крамак на Карла Маркса - уніз, на Чангарскую. Ісці па левым баку зручна, тут дарожка выкладзена пліткай. Але калі падыходзіш да месца гандлю садавіной і гароднінай, незразумела, як пераходзіць дарогу. З усіх бакоў выязджаюць машыны, паабапал - высокія бардзюры. Анастасія і Яўген выбраліся адтуль толькі з дапамогай Віктара. Трохі ніжэй ад прадпрыемства "Універсал Бабруйск" праз пешаходную дарожку ідзе заезд на агароджаную тэрыторыю. З'езд "ахоўваюць" вялізныя бардзюры з неахайным, нібыта злепленым з пары рыдлёвак асфальту "пандусам". Вазочнікі кажуць, што спускацца тут самастойна могуць толькі самазабойцы. І зноў на дапамогу прыходзіць Віктар. Але пасля гэтай перашкоды пачынаецца незразумелая дарожка. Адчуванне, што яе рабілі разам з пандусам: проста накідалі там-сям рыдлёўкай асфальт, і трошкі прыстукнулі нагой. З-за гэтых ямін колы ў вазках круцяцца ў розныя бакі, без дапамогі выбрацца складана. Наперадзе - праезная частка, канечне, з высокімі бардзюрамі. Пераадольваюць іх дзякуючы Віктару. За гэты час хлопец паспеў намераць лінейкай бардзюры вышынёй ад 6 да 16 сантыметраў.
-Нас прапусціла машына, звярніце ўвагу, - кажа Віктар, - такое нечаста здараецца!
Далей ідзе дарога хоць і не ідэальная, але Анастасія і Яўген могуць ехаць па ёй самастойна. Там-сям трапляюцца люкі, якія "гуляюць" туды-сюды ці яміны, але сітуацыя не зусім трагічная.
Цікавае пачынаецца перад чыгуначным мастом: пад ім для пешаходаў ідзе крывая і няроўная дарожка, якая ўпіраецца ў слуп. Яўген спрабуе выехаць самастойна, дапамагае сабе трошкі нагой, і выязджае. Анастасія кліча на дапамогу Віктара.
Наступная перашкода чакае каля мастка, які ідзе праз раку Бабруйку. Там ёсць бакавіны са сходнямі, і ў гэтых месцах дарожка ідзе пад нахілам уніз - з яе лёгка можна ўпасці. Далей ідуць глыбокія ліўнёўкі, у іх таксама можна зваліцца. Анастасія кажа, што ехаць тут вельмі страшна.
-Мая сяброўка ездзіць тут па праезнай частцы, калі адна. Бо інакш немагчыма, - каментуе дзяўчына.
Мінаем яшчэ адзін небяспечны ўчастак, каля чыгуначных рэек: тут няма ямін і бардзюраў, але няма і нейкай, хаця б умоўнай лініі, якая б абмяжоўвала пешаходаў ад аўтамабілістаў.
На скрыжаванні вуліц Паркавай і Ванцэці высокі бардзюр. Пакуль Анастасія і Яўген пераадольваюць яго, пачынае запальвацца жоўтае святло, Віктару даводзіцца бегчы, штурхаючы вазок з Яўгенам перад сабой. Далей да дома Кацярыны адносна нармальная дарога. Але застаецца пытанне - як адсюль з'ехаць?
-Мы ішлі сюды больш за дзве гадзіны, па ўсіх гэтых узгорках і ямінах, і вельмі стаміліся. Хацелася б назад пад'ехаць на аўтобусе, - кажа Анастасія.
Нам падыходзяць усе аўтобусы, якія тут спыняюцца, але ўсе як адзін з прыступкамі. Чакаць нізкападлогавага аўтобуса даводзіцца паўгадзіны.
-Мая сяброўка дамовілася з аўтапаркам, і калі яна едзе на працу, сюды ў пэўны час пускаюць нізкападлогавы рэйсавы аўтобус. Але для асабістых мэтаў ёй трэба ці доўга чакаць зручны транспарт ці ехаць самой па гэтым вось небяспечным маршруце, - распавядае Анастасія Фёдарава.
Дзяўчына кажа, што на гэты эксперымент яе падштурхнуў відэаролік з Екацярынбургу, у якім маці з дзецьмі-інвалідамі знялі на камеру сваю дарогу да гарвыканкаму.
-Хацелася б, каб мясцовыя чыноўнікі ўбачылі відэа, якое мы сёння зрабілі, і гэта натхніла іх на дзеянне. Бо не ўсе вазочнікі жывуць ці гуляюць толькі ў цэнтры гораду, кажа Анастасія. - Мне б наогул хацелася, каб вазочнікі і здаровыя людзі больш супрацоўнічалі паміж сабой. Разам нам прасцей будзе вырашыць праблемы.
-Вандроўка мне спадабалася, гэта цікавы вопыт, - каментуе Яўген Васьковіч. - Канешне, гэты шлях быў вельмі складаны, аднаму яго не пераадолець. Скажу шчыра, у нейкіх момантах я дапамагаў сабе нагамі, а сапраўдныя вазочнікі так не могуць зрабіць. Было на гэтым шляху некалькі сапраўды небяспечных момантаў, дзе можна было і ўпасці, і моцна пашкодзіцца, - распавядае Яўген.
У жніўні бабруйскі старшыня гарвыканкаму на некалькі гадзін перасеў на ровар. Ён тэставаў, разам з журналістамі і вазочнікамі, безбар'ернае асяроддзе ў цэнтры гораду. http://bobruisk.ru/news/2015/08/22/mer-obsledoval-bobrujskie-trotuary-na-velosipede
Хочацца спадзявацца, што чыноўнікі працягнуць свае эксперыменты і заедуць на роварах у мікрараёны ці аддаленыя ад цэнтру раёны кшталту Фарштату, а таксама заедуць у прыватны сектар.