viasna on patreon

Касацыйныя скаргі глыбоцкіх журналістаў Віцебскі абласны суд разгледзіць 19 жніўня

2015 2015-08-18T11:08:28+0300 2015-08-18T11:08:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lupach-smotkina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналістаў Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача глыбоцкі райсуд пастанавіў пакараць штрафамі за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. Гэтыя рашэнні яны і збіраюцца аспрэчыць.

Зміцер Лупач звярнуўся з касацыйнай скаргай раней, аднак разглядаць яе абласны суд будзе ўжо з другой спробы. Першапачаткова разгляд быў прызначаны на 12 жніўня, але пасяджэнне перанеслі. У Віцебск прыехалі і сам Зміцер Лупач, і яго адвакат з Мінску, на пасяджэнне сабраліся калегі-журналісты і праваабаронцы, аднак суддзя Святлана Іванова нечакана абвясціла, што ёй патрэбны дадатковы час на вывучэнне гэтай справы. У выніку журналіст панёс дадтковыя выдаткі – за марны візіт у Віцебск адваката.

Разгляд касацыйнай справы Зміцера Лупача быў перанесены на тыдзень. На гэты ж дзень прызначаны і разгляд скаргі Таццяны Смоткінай – такое паведамленне яна атрымала па пошце з Віцебскага абласнога суду.

У ліпені Глыбоцкі райсуд пастанавіў пакараць Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача паводле артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі). Абодвум прысудзілі штрафы памерам па 25 базавых велічынь – па 4,5 мільёны рублёў з кожнага.

Падставай для адміністрацыйнай справы супраць Зміцера Лупача стаў матэрыял "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё". Суд над ім адбыўся 23 ліпеня, ягоную справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак. Таццяну Смоткіну судзілі 28 ліпеня, працэс вяла суддзя Людміла Вашчанка, Падставай для разбіральніцтва ў судзе стаў матэрыял “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі", які 9 чэрвеня быў размешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.

Складаючы пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла не патлумачыў журналістам іхныя правы – пра гэта сведчыць адсутнасць іхных подпісаў у дакументах. Выправіць хібы міліцыянта змусіў суд: пасля таго, як адміністрацыйныя справы перадалі туда для разгляду, суддзі вярнулі іх на дапрацоўку. “Дапрацоўка” заключалася ў тым, што ў справах журналістаў з’явілася яшчэ адна папера – пра тое, што іх правы ім патлумачылі 10 ліпеня – праз два тыдні пасля таго, як выклікалі ў міліцыю для разбіральніцтва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства