Віцебскі абласны суд перанёс разгляд справы журналіста Зміцера Лупача
Глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач збіраўся аспрэчыць рашэнне раённага суду, які аштрафаваў яго за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі на 4, 5 мільёны рублёў. Але прызначаны на 12 жніўня разгляд ягонай скаргі без папярэджання перанеслі, і цяпер спадар панясе выдаткі за безвыніковы візіт у Віцебск ягонага адваката.
Паводле Зміцера Лупача, дата разгляду ягонай касацыйнай скаргі была прызначана яшчэ тыдзень таму:
“Я атрымаў позву на 11 гадзін 12 жніўня яшчэ на мінулым тыдні. Прыехаў за 220 кіламетраў, хоць ведаю, што мая прысутнасць неабавязковая, бо хацеў асабіста давесці суду сваё меркаванне, што вінаватым сябе не лічу. Дзеля гэтай мэты адвакат складала скаргу і ехала, каб бараніць мяне, а з Мінску ў Віцебск, адклаўшы ўсе іншыя справы. Атрымалася ж, што адвакат страціла час, а грошы на яе транспартныя выдаткі і ўдзел у працэсе – змарнаваныя. Што мне застаецца? Дамаўляцца, каб яна яшчэ раз прыехала праз тыдзень і рыхтавацца да новых выдаткаў – у дадатак да штрафу памерам 25 базавых велічынь, прысуджнага мне глыбоцкім райсудом… Хіба нельга было папярэдзіць, што разгляд пераносяць? Ці суддзя вырашыла гэта толькі напярэдадні, калі ў інтэрнэце з’явілася абвестка пра пасяджэнне?”
Зміцер Лупач 23 ліпеня быў аштрафаваны па абвінавачанні ў парушэнні заканадаўства аб СМІ - артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).Падставай для судовай справы стаў матэрыял "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё". Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак.
Спадар Лупач перакананы, што яго пакаралі штрафам беспадстаўна, і што глыбоцкі райсуд праігнараваў парушэнні, відавочныя з ягонай адміністрацыйнай справы. У прыватнасці, журналіста пазбавілі права на абарону, бо пратакол пра ягонае адміністрацыйнае правапарушэнне быў складзены 25 чэрвеня, а толькі 10 ліпеня, паводле дакументаў судовай справы, яму патлумачылі ягоныя правы.
Справа ў Глыбоцкім райсудзе была разгледжана толькі з другой спробы: ужо пасля прызначэння даты суду дакументы справы Зміцера Лупача былі адпраўленыя на дапрацоўку ў міліцыю. Аднак грунтоўнае дапрацоўкі не было – яго судзілі паводле таго ж пратаколу ад 25 чэрвеня, дзе няма ягонага подпісу пра тое, што ён ведае свае правы.
У такой самай сітуацыі апынулася і журналістка Таццяна Смоткіна. Яе таксма з другой спробы судзілі і 28 ліпеня прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства паводле артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях – за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. У якасці пакарання журналістцы быў прысуджаны штраф такога ж памеру – 4,5 мільёны рублёў.