Віцебскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу журналіста Зміцера Лупача
Разгляд прызначаны на 11 гадзін 12 жніўня. Зміцер Лупач спрабуе аспрэчыць рашэнне Глыбоцкага райсуду, паводле якога ён аштрафаваны на 25 базавых велічынь.
23 ліпеня незалежнага журналіста з Глыбокага прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ - артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).
Падставай для судовай справы стаў матэрыял "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", размешчаны 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё". Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак.
Аўтарства Зміцера Лупача не пацвердзіў і прадстаўнік “Еўрарадыё”, дырэктар карпункта Канстанцін Залатых – ён засведчыў, што гэта быў рэдакцыйны артыкул. Падчас суду сведкі не паказалі, што давалі інтэр’ю Змітру Лупачу. Апрача гэтага, журналіста пазбавілі права на абарону, бо пратакол пра ягонае правапарушэнне быў складзены 25 чэрвеня, а толькі 10 ліпеня, паводле дакументаў судовай справы, яму патлумачылі ягоныя правы.
Адвакат прапанавала спыніць справу Зміцера Лупача, прызнаўшы яго невінаватым, але суд з гэтым не пагадзіўся. Журналіст падаў скаргу, каб аспрэчыць рашэнне Глыбоцкага райсуду.
Касацыйную скаргу на рашэнне Глыбоцкага райсуду падрыхтавала і незалежная журналістка Таццяна Смоткіна. 28 ліпеня яе таксама прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства паводле артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях – за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. У якасці пакарання журналістцы быў прысуджаны штраф такога ж памеру – 4,5 мільёны рублёў.