Таццяну Севярынец не пусцілі на сустрэчу з дэпутатам
4 жніўня ў “Віцебскдрэву” была абвешчаная сустрэча з дэпутатам. Афіцыйна ўваход на яе быў вольны.
Наведаць сустрэчу паспрабавала каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебску Таццяна Севярынец, якую цікавілі пытанні па стане медыцыны ў горадзе, даўгабудах, марудных рамонтах, доўгіх чэргах у рэгістратурах, тым больш, што маючы быць на сустрэчы дэпутат — галоўны доктар бальніцы №2 (дзе рамонт аднаго з карпусоў доўжыцца ўжо гады чатыры).
Але ў будынак яе не ўпусцілі людзі ў камуфляжы: Куды? — На сустрэчу з дэпутатам. — А вы ў нас не працуеце! (Няўжо ўсіх ведае ў твар?) —Я жыву ў гэтым раёне, хачу паслухаць дэпутата. — Чакайце! (некуды пабег) Вам не паложана! (вярнуўшыся) — Чаму? — Гэтая сустрэча толькі для працоўных прадпрыемства.— А я чым буду замінаць? — Не паложана!
У выніку каардынатара БХД выціснулі з прыступак.
“Да народу я, выпадае, не адношуся. Ні мой прыстойны настаўніцкі выгляд, ні ўзрост не сталі пропускам на гэтую таямнічую сустрэчу. Дарэчы, народу я там і блізка не бачыла. Пэўна, людзей са змены адразу ланцужком заганялі ў залю са двара прадпрыемства: працоўны дзень заканчваецца а 17-00, сустрэча прызначана на 16-30. Ну чаму б, каб заахвоціць людзей палюбавацца на дэпутата, не скараціць на паўгадзіны працоўны час?” — адзначае Таццяна Севярынец.
“Уся справа, відаць, у тым, што набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Пустыя пікеты галоўнага прэтэндэнта, са слязьмі вымольваемыя настаўнікамі ў родных і блізкіх подпісы ў падтрымку галоўнага (кожнаму даведзены план — 200 подпісаў вынь і пакладзі, інакш... ну, самі ведаеце, што), абяцанні студэнтам забяспечыць інтэрнатам, каб толькі яны папрацавалі ў ініцыятыўнай групе. Калі мне паведамлялі пра гэтую сустрэчу, прыкладна так і казалі: будуць агітаваць ПРЫЙСЦІ на выбары і ПРАГАЛАСАВАЦЬ за дзейснага. Няхай сабе нелегітымнага, але ж усе слухаюцца яго… А прамовы сп. Ярмошынай перад міжнароднымі назіральнікамі, старшынямі камісій наконт забароны выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс падчас кампаніі для першых гучыць як дэманстрацыя следавання літары Закону, для другіх — як кіраўніцтва да дзеі з дакладнасцю наадварот”, — мяркуе Таццяна Севярынец.