Салігорск: райвыканкам абгрунтаваў дыскрымінацыю беларускамоўных законам "Аб мовах"
Старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі не задаволіў ініцыяваны мясцовай арганізацыяй ТБМ зварот грамадзян з патрабаваннем прывесці шыльды з назвамі ораганаў улады, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёну ў адпаведнасць Канстытуцыі Беларусі.
Акрамя Канстытуцыі Салігорская араганізацыя Таварыства беларускай мовы разам з неабыякавымі гараджанамі звяртала ўвагу ўладаў на другі артыкул закона “Аб мовах”, у адпаведнасці з якім дзяржава бярэ на сябе абавязак па забеспячэнні ўсебаковага развіцця беларускай і рускай моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моваў, якімі карыстаецца насельніцтва краіны. У сваю чаргу Аляксандр Рымашэўску адмову пайсці насустрач беларускамоўным грамадзянам абгрунтаваў таксама законам “Аб мовах”! Старшыня райвыканкаму спаслаўся на 31 артыкул, паводле якога афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і ўстаноў даюцца на дзьвюх дзяржаўных мовах альбо на адной з іх.
Кіраўнік салігорскай арганізацыі ТБМ Уладзімір Масакоўскі называе такую пазіцыю мясцовых уладаў дыскрымінацыйнай. Па яго словах, за літрай закону старшыня райвыканкаму не хоча бачыць яго дух.
- Не ведаю, магчыма ў нашай краіне і існуюць нейкія мястэчкі, дзе няма беларскамоўных жыхароў ці нават беларусаў. У такіх месцах, мабыць, і дапушчальна наяўнасць шыльдаў на будынках ораганаў улады на адной з дзяржаўных моваў, на рускай, - кажа Уладзімір Масакоўскі. - На Салігоршчыне ж нават па афіцыйнай статыстыцы беларускую мову за родную вызнае 63%, дома па-беларуску размаўляе каля 28%. У такіх умовах адмова грамадзянам у праве бачыць афіцыйныя назвы дзяржораганаў і іншых установаў на роднай мове ёсць выключна дыскрымінацыйным падыходам. Але Канстытуцыя і закон “Аб мовах” напісаныя не дзеля дыскрымінацыі, мне падаецца, а дзеля абароны правоў грамадзян. Безумоўна, такая правапрымяняльная практыка з’яўляецца недапушчальнай.
Уладзімір Маскаоўскі глядзіць на сітуацыю шырэй ды засцерагае мясцовыя ўлады ад падобных дыскрымінацыйных падыходаў, бо нават такія для некаторых здавалася б дробязі могуць паспрыяць з’яўленню міжнацыянальнай варажнечы ў грамадстве. На думку старшыні ТБМ, толькі абапіраючся на павагу да нацыяльнальных пачуццяў, да моўных і іншых правоў грамадзян можна пабудаваць насамрэч мірную і квітнеючую краіну.
Дарэчы, шыльда на будынку салігорскіх орагаў улады толькі на рускай мове.