viasna on patreon

Гродзеншчына: па выбарчай кампаніі дэмакратычныя партыі маюць розныя пазіцыі

2015 2015-07-04T11:12:54+0300 2015-07-04T11:12:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary-2015.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

   Абласныя структуры дэмакратычных партый і рухаў па Гродзенскай вобласці выяўляюць розныя пазіцыі і пакуль розную актыўнасць у кампаніі па выбарах Прэзідэнта. Праўда, практычна ўсе збіраюцца ў тым ці іншым фармаце весці назіранне за выбарчым працэсам у розных назіральных кааліцыях.

   Гродзенская структура АГП фармуе папярэдні спіс ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі, а таксама дапамагае збіраць людзей у ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча.

   Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” у Гродзенскай вобласці збіраецца весці працу па вылучэнні кандыдатам свайго старшыні Сяргея Калякіна.

   Гродзенская арганізацыя Партыі БНФ падтрымлівае прэтэндэнта ў кандыдаты Таццяну Караткевіч і плануе працаваць на яе вылучэнне. Сябры партыі маюць права ўваходзіць і ў іншыя ініцыятыўныя групы.

   Гродзенская абласная філія партыі БСДГ не бярэ ўдзелу ў гэтай выбарчай кампаніі. Аднак гродзенскія грамадоўцы запісваюцца ў ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча і лічаць слушным весці праз гэта кампанію па вызваленні экс-кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня.  

   Старшыні раённых арганізацый БСДП горада і вобласці не лічаць сэнсоўным браць актыўны ўдзел у гэтых выбарах з вылучэннем кандыдата ад партыі. Вырашана пагадзіцца з рашэннем апошняга ЦК сацыял-дэмакратаў – кожны сябра партыі сам вырашае, у якім фармаце ён возьме удзел выбарчай кампаніі. Ёсць сябры арганізацыі, пераважна ў Гродне, якія далі згоду быць у ініцыятыўнай групе Таццяны Караткевіч.

Гродзенская структура партыі БХД не збіраецца працаваць на нейкага канкрэтнага кандыдата, але таксама падтрымлівае стварэнне ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча і збіраецца працаваць у гэтым кірунку.  

   Кампанія “Гавары праўду”, у тым ліку яе гродзенскія прадстаўнікі, падтрымліваюць вылучэнне Таццяны Караткевіч і заяўляюць пра намер сабраць патрэбную колькасць подпісаў для яе рэгістрацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства