viasna on patreon

Віцебская міліцыя прафілактыку правапарушэнняў праводзіць з парушэннямі

2015 2015-06-23T11:57:53+0300 2015-06-23T11:57:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-abvestka-milicija.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У віцебскім парку імя Фрунзэ з'явіліся аб'явы, прымацаваныя скотчам да слупоў. Гэта райаддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну вырашыў правесці прафілактыку правапарушэнняў. Між тым падобныя дзеянні з'яўляюцца парушэннем "Парадку добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў".

У аб'явах пералічваюцца правапарушэнні, якія ўмоўны віцебскі мінак нібыта можа здзейсніць у парку. А таксама артыкулы, паводле якіх падугледжана адміністрацыйная адказнасць за такія дзеянні, як непрыстойныя паводзіны, нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, распіццё спіртовых напояў, з'яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Яшчэ напісана пра забарону купацца ў месцах, для гэтага адмыслова не прызначаных, і пра забарону засмечваць вадаёмы і водаахоўныя зоны…

Міліцыя забылася напісаць, што таксама нельга парушаць правілы "Парадку добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў", сама іх парушаючы, лічыць праваабаронца Павел Левінаў:
"Відавочнае парушэнне часткі 2 атрыкула 21.14 Кодэксу РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях. У аб'яве ўказана: "Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска інфармуе". А тое, што аб'яву паклалі ў празрысты "файлік" і прыматалі скотчам – нібыта яна стала выглядаць "культурна", становішча не ратуе. Паводле правілаў размяшчэння аб'яваў ды іншых абвестак, для гэтага існуюць адмысловыя месцы – стэнды або дошкі".

За размяшчэнне аб'яваў у неналежных месцах прадугледжаны штрафы. І міліцыя, парушаючы патрабаванні заканадаўства, нярэдка складае адміністрацыйныя пратаколы на іншых за падобныя деянні. Прыкладам, актывіста з Мікашэвічаў Віталя Каліноўскага аштрафавалі на 3 базавыя велічыні за распаўсюд улётак пра палітычных вязняў - на яго якраз і склалі пратакол на падставе часткі 2 артыкула 21.14 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама паводле пункта 17 Пастановы Савета Міністраў РБ №10/87 ад 28.12.2012 года. Крыху раней падобны выпадак адбыўся ў Наваполацку, дзе моладзевага актывіста Змітра Дзякава аштрафавалі на 20 базавых велічынь за вывешаную на плоце парку расцяжку з літарамі "БХД".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства