viasna on patreon

З ЛПП дзяржаўныя СМІ фармуюць вобраз выратавальніка

2015 2015-06-21T09:55:48+0300 2015-06-22T09:13:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ltp-staraselle.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА змясціла на старонках свайго інтэрнэт-сайта рэпартаж, падрыхтаваны карэспандэнтам “7 Дней” Вольгай Касцюкевіч аб жыцці беларускіх жанчын у лячэбна-працоўным прафілакторыі ў вёсцы Стараселле на Магілёўшчыне.

Усяго ў гэтай установе ўтрымліваюцца 323 жанчыны, якія пакутаюць на алкагольную залежнасць. У лячэбна-працоўным прафілакторыі ў вёсцы Стараселле Горацкага раёна згодна рашэння суда суда знаходзяцца жанчыны самых розных узростаў: у ўзросце да 30 гадоў – 43 чалавекі, ад 31 да 40 – 147, ад 41 да 50 – 106, ад 50 да 55 – 27. Вышэйшую адукацыю маюць толькі дзве з жанчын, якія знаходзяцца на “лячэнні” у прафілакторыі ў вёсцы Стараселле. 247 жанчын раней былі асуджаны.

У лячэбна-працоўныя прафілакторыі жанчыны патрапляюць згодна рашэння, а не прысуду суда. Шмат жанчын у ЛПП у Горацкім раёне ўжо не ўпершыню – паўторна сюды патрапілі 93 жанчыны, у трэцці раз – 22. Ёсць такія, якія патрапляюць ужо ў 4, 5 і нават шосты раз, што сведчыць пра нізкую эфектыўнасць “лячэння” у ЛПП.

Рэжым утрымання хворых на алкагалізм жанчын у ЛПП даволі жорсткі, дзейнічае прымусовая ізаляцыя. Жанчыны ў ЛПП жывуць па строгім распарадку – пад’ём у 5-00 раніцы, адбой у 9-00 вечара, для здзяйсненыя парушэнні прадугледжаны дысцыплінарны пакой па тыпу штрафнога ізалятара. Ахоўваюць прафілакторый і змешчаных у ім асуджаных супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ.

Увесь кантынгент жанчын падзяляецца на асобныя атрады. У пакоях установы пражывае ў сярэднім крыху больш за 50 чалавек, спяць жанчыны на двухярусных ложках. Ёсць у пакоях і тэлевізары, але глядзець іх дазваляецца па строгаму графіку.

Харчаванне ў ЛПП трохразовае, харчуюцца жаночыя атрады пасменна ў адмысловай сталовай.

Утрыманне адной жанчыны у ЛПП абыходзіцца дзяржаве каля 800 тысяч рублёў у месяц.

Усе змешчаныя ў ЛПП жанчыны ў вёсцы Стараселлі павінны працаваць. Каля 60 з іх працуюць на швейнай вытворчасці, якая знаходзіцца побач з тэрыторыяй установы, астатнія заняты працай у суседніх сельгаспрадпрыемствах Горацкага раёна. Згодна інфармацыі выдання, сярэдні заробак жанчын у ЛПП у Стараселлі складае каля 1,7 мільёна рублёў, аднак ёсць і такія, якія ледзь-ледзь зарабляюць па 20 тысяч.

У жанчын, якія абавязаны пакрываць выдаткі дзяржаве на ўтрыманне дзяцей, грошы вылічваюцца з заробкаў. Такіх у ЛПП у Стараселлі даволі шмат – 187 чалавек, у 12 з якіх больш за 4 дзіцяці. Так што для ўласных патрэб у ЛПП жанчынам застаецца зусім нязначная сума грошай.

Срок знаходжання жанчын у ЛПП у вёсцы Стараселле Горацкага раёна – адзін год. У залежнасці ад паводзін тэрмін знаходжання могуць павялічыць альбо скараціць.

Аўтар матэрыялу лічыць, што хворыя на алкагалізм жанчыны – “клопат і сорам для стомленых блізкіх” і “у такіх выпадках адзіная надзея - на дзяржаву. Якая падбірае п'юшчых людзей «з абочыны жыцця» і працягвае руку дапамогі ў спецыяльна створаных установах”.

Іншага меркавання прытрымліваюцца праваабаронцы, якія выступаюць супраць выкарыстання ў лячэбна-прафілактычных прафілакторыях прымусовай працы хворых людзей замест эфектыўнага лячэння. Згодна сведчанняў жанчын, якія раней знаходзіліся ў ЛПП у вёсцы Стараселлі, ніякага медыкаментознага лячэння хворых жанчын там амаль і не праводзіцца, з лекаў даюць у асноўным валяр’янку. Лячэбна-працоўны прафілакторый падпарадкоўваецца не міністэрству аховы здароўя, а знаходзіцца ў сістэме адбыцця пакранняў МУС і мала чым адрозніваецца ад звычайных месцаў пазбаўлення волі. Па словах праваабаронцаў, ЛПП у Беларусі – гэта фактычна турмы, дзе людзя сядзяць за тое, што яны хворыя, і пры гэтым іх яшчэ і выкарыстоўваюць для прымусовай працы.

Праваабаронцы таксама звяртаюць увагу на тое, што людзей з алкагольнай залежнасцю судзяць грамадзянскія суды, а пакаранне прадугледжана ў выглядзе фактычна пазбаўлення волі, як за крымінальнае злачынства.

Лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП) існавалі ў СССР з 1964 года як від лячэбна-выпраўленчых устаноў, прызначаных для тых, хто згодна рашэння суда накіроўваўся на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. У 1994 годзе сістэма прымусовага лячэння ад алкагалізму была адмененая ў Расіі, а таксама амаль ва ўсіх краінах СНД. Зараз ЛТП існуюць толькі ў Беларусі і Туркменіі. У мінулым 2014 годзе было прынятае рашэнне аб стварэнні да шасці існуючых у Беларусі ЛПП дадаткова яшчэ трох.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што існуючая ў Беларусі практыка прымусовай ізаляцыі грамадзян, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, знаходзіцца ў супярэчнасці з міжнароднымі стандартамі ў вобласці правоў чалавека, а таксама прарушае правы, гарантаваныя грамадзянам Беларусі Канстытуцыяй краіны.

Фота Вольгі Касцюкевіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства