СК узбудзіў крымінальную справу па факту распаўсюду нібыта з электроннай скрынкі праваабаронцы Леаніда Судаленкі парнаграфіі
Сёння, 14 красавіка, старшыня Гомельскага аддзялення РГА «Прававая ініцыятыва» Леанід Судаленка даведаўся, што 13 красавіка Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 343 КК (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт) па факту распаўсюду парнаграфічных ролікаў нібыта з электроннай скрынкі, якая належыць праваабаронцу. Нагадаем, 8 красавіка ў грамадска-палітычным цэнтры ў Гомелі на Палескай,52 прайшоў вобшук, міліцыя забрала нібыта для праверкі ў межах крымінальнай справы чатыры сістэмныя блокі камп'ютэраў. Вобшук прайшоў і на кватэры Леаніда Судаленкі, які на той момант знаходзіўся ў Швецыі на канферэнцыі праваабаронцаў.
Міліцыя патлумачыла, што нібыта з электроннай скрынкі sudalenka@mail.ru была распаўсюджана парнаграфія, заявы аб гэтым паступілі ў праваахоўныя органы ад невядомага грамадзяніна і інспекцыі па падатках і зборах па Савецкаму раёну Гомеля.
14 красавіка Леанід Судаленка правёў прэсавую канферэнцыю. Па-першае, ён акцэнтаваў увагу, што сапраўды раней, амаль 15 гадоў, да снежня 2014 года ён карыстаўся скрынкай з адрасам sudalenka@mail.ru, але дадзеная скрынка была ўзламаная невядомымі ў снежні 2014 года. Аб гэтым сведчаць доказы – перапіска праваабаронцы з тэхнічнай службай падтрымкі. У той жа час, у снежні 2014 года – студзені 2015 года была ўзламаная і старонка Леаніда Судаленкі ў сацыяльнай сетцы Twitter, дзе пачалі з'яўляцца нібыта ад імя праваабаронцы допісы абразлівага характару ў бок яго калег і паплечнікаў. Электронная скрынка была адноўлена, але праз тры дні зноў узламаная. «І я больш ёй не карыстаўся, бо палічыў, што такі сервіс ненадзейны і не абаронены, калі скрынку ўвесь час узломваюць. Я яе больш не кантраляваў», - адзначыў Леанід Судаленка.
Па-другое, распаўсюджвалася парнаграфія нібыта з электроннай скрынкі і з IP-адрасу, які зарэгістраваны на Палескай,52 за РГА «Прававая ініцыятыва». Варта дадаць, што па дадзеным адрасе знаходзіцца грамадска-палітычны цэнтр, тут часта праходзяць мерапрыемствы, семінары, сустрэчы і імпрэзы, і пароль ад Wi-FI ведаюць шмат людзей, якія бываюць тут. Пароль таксама запісаны быў доўгі час і на дошцы ў офісе. Таму пры жаданні скарыстацца Wi-Fi можна нават не заходзячы ў будынак офісу.
Леанід Судаленка ўпэўнены, што дадзеная крымінальная справа – жудасная правакацыя. Дарэчы, сёння, 14 красавіка, праваабаронца спрабаваў трапіць да следчага, каб даць тлумачэнні па дадзенай справе, але яго адвакату адказалі, што пакуль гэта не патрэбна. 15 красавіка праваабаронца збіраўся на запланаваную сустрэчу ў прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. А ўжо ў час прэсавай канферэнцыі раптам стала вядома, што 15 красавіка яго выклікаюць на допыт у 14.00. Гэта значыць, што сустрэча ў прадстаўніцтве ЕС будзе сарваная.
Леанід Судаленка звяртае ўвагу, што месяц таму ён патрабаваў ад УУС Гомельскага аблвыканкаму ўстанавіць IP і тых людзей, якія на адным з сайтаў не толькі перыядычна публікуюць абразы ў бок праваабаронцы, але апошнім часам і пагражаюць забойствам яго дзецям. Ні IP, ні тых асоб, хто змяшчае дадзеныя пагрозы, міліцыя не ўстанавіла, аб чым і дала адказ. Пракуратура запатрабавала ад міліцыі ўсё ж устанавіць асоб, але зноў УУС даў адмоўны адказ. Тады праваабаронца паўторна звярнуўся ў пракуратуру. «Мне нібыта намякаюць, што калі я не спынюся ў сваіх патрабаваннях, то мяне пасадзяць, а не тых, хто пагражае маім дзецям забойствам у публічнай прасторы», - лічыць Леанід Судаленка.
«Не ўзнікае ніякага сумневу, што крымінальная справа – правакацыя. Каб Леанід Судаленка – праваабаронца, чалавек такога статусу і ўзросту займаўся такімі рэчамі – гэта проста лухта. Мы ў грамадска-палітычным цэнтры вучым людзей камп'ютэрнай бяспецы, сучасным тэхналогіям – а праваабаронца са сваёй уласнай скрынкі рассылае парнаграфію – хто толькі можа ў такое глупства паверыць», - адзначыў нефармальны кіраўнік грамадска-палітычнага цэнтру Уладзімір Кацора.
Па яго словах, праваабарончая дзейнасць -- зараз асноўны накірунак працы на Палескай,52. Сюды ходзяць за прававой дапамогай безліч людзей, і Леанід Судаленка шмат каму дапамагаў.
«Гэтую правакацыю робяць тыя органы, якія неаднаразова прыходзілі да нас сюды, рабілі вобшукі, забіралі камп'ютэрную тэхніку – і ў 2001 годзе, і ў 2007, і ў 2011. Ёсць і такія людзі, якія прыходзяць сюды з мэтай збору нейкай інфармацыі, магчыма, яны нечага пакрыўджаныя на нас і так помсцяць», - выказаў меркаванне Уладзімір Кацора.