Магілёў: суд разгледзіць справу актывіста, якога не ўзялі на працу з-за “магчымых негатыўных наступстваў”
У Магілёве грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі хоча праз суд дабіцца выбачэнняў ад будаўнічай арганізацыі. Адпаведны пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Аляксей Паўлоўскі накіраваў у суд Ленінскага раёна Магілёва.
Пры спробе працаўладкавацца ў РУП “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат” 20 верасня і 13 лістапада 2012 года адміністрацыя арганізацыі адмовіла муляру 5-га разрада ў працаўладкаванні ў сувязі з тым, што ““Магілёўскаму ДБК” вядомы негатыўныя наступствы прыёмаў (звальненняў) Паўлоўскага А.С. на іншыя прадпрыемствы горада. Для паляпшэння мікраклімата ў калектыве ДБК і недапушчэнні дэстабілізацыі абстаноўкі на прадпрыемстве было вынесена пытанне на галасаванне прадстаўнікоў працоўнага калектыву і наймальніка: у адмове Паўлоўскаму А.С. пры паўторным працаўладкаванні на прадпрыемства”.
Сам грамадскі актывіст расцаніў гэта працоўнай дыскрымінацыяй, а таксама інфармацыяй, якая з’яўляецца несапраўднай, ганьбіць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю як грамадзяніна, так і работніка ў цэлым.
- Калектыву будаўнічай арганізацыі, калі, канешне, такі сход быў, я фактычна быў прадстаўлены асобай, якая ўхіляецца ад выканання сваіх прафесійных абавязкаў, і чалавекам, які стварае “негатыўныя наступствы для прадпрыемстваў пры прыняцці (звальненні) з працы, што я парушаю “мікраклімат у працоўным калектыве, што можа прывесці да дэстабілізацыі абстаноўкі на прадпрыемстве”. Гэта ўсё поўная лухта і не адпавядае як маім уласным якасцям, так і прафесійным, - кажа Аляксей Паўлоўскі.
Грамадскі актывіст адзначае, што цягам сваёй працы ў іншых будаўнічых арганізацыях горада ўвесь час спрабаваў палепшыць умовы працы работнікаў, павышаў безаварыйнасць працы і забяспечваў стабільную працу арганізацый.
Праз суд Паўлоўскі хоча дабіцца прызнання не адпавядаючымі сапраўднасці звесткі, якія ганьбяць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, прымусіць адказчыка даць абвяржэнне распаўсюджанай інфармацыі, а таксама прынесці выбачэнне ў пісьмовай форме.
Разгляд пазова грамадскага актывіста адбудзецца 25 лютага.