Бабруйск: Незаўважны Дзень "родного языка"
У Бабруйску асноўная ўвага чыноўнікаў аддзела культуры прыцягнута да святкавання Масленіцы і 23 лютага. Пра гэта пішуць усе мясцовыя СМІ, плануецца правесці шэраг тэматычных мерапрыемстваў на гарадскім узроўні. А вось для Міжнароднага дня роднай мовы месца традыцыйна знайшлося толькі ў бібліятэках і школах.
Напрыклад, мясцовая прэса паведамляе, што Дзень роднай мовы адзначылі ў гімназіі №1, бібліятэцы імя Еўфрасінні Полацкай, бібліятэцы імя Астроўскага, бібліятэцы імя Гайдара. Даволі цікава падыйшлі да справы супрацоўнікі бібліятэкі імя Пушкіна, - яна лічыцца ў Бабруйску "ўзорна-паказальнай". У адным з вокнаў выстаўлена невялічкая экспазіцыя з беларускімі кнігамі і выслоўямі. Але сама абвестка пра Міжнародны дзень беларускай мовы надрукавана на рускай мове.
На гарадскім узроўні тэма беларускай мовы практычна не ўздымаецца. Ёсць штогадовая прэмія імя Міхася Лынькова, яе прысуджаюць за "значныя дасягненні ў папулярызацыі беларускай мовы". Але ў спісы намінантаў трапляюць тыя ж настаўніцы беларускай мовы і бібліятэкары. Чамусьці не заахвочваюцца мясцовыя прадстаўнікі дробнага і буйнога бізнесу, якія часам выкарыстоўваюць беларускую мову, журналісты, якія пішуць па-беларуску, і гэтак далей: адказныя за прэмію ідуць самым простым шляхам. Сітуацыя паглыбляецца мясцовымі кнігарнямі, у якіх вельмі сціпла прадстаўлена беларуская літаратура. У неспрактыкаванага чытача можа скласціся ўражанне, што ў беларускай літаратуры і дагэтуль не з'явілася нікога вартага апроч Коласа ці Танка. Ёсць трошачкі "чаргінцоўскіх'" пісьменнікаў, але ў асноўным на паліцах стаіць навуковая літаратура ці прэзентацыйныя выданні на беларускай мове.