Салігорск: суд разгледзіць справу аб забароне пікета да Дня правоў чалавека
Суд Салігорскага раёна выклікае праваабаронцу Леаніда Мархотку ў якасці заяўніка па справе аб забароне мясцовымі чыноўнікамі пікета да Дня правоў чалавека. Судовы працэс адбудзецца 26 студзеня ў 14:00. Разглядаць справу будзе намесніца старшыні суда Салігорскага раёна суддзя Ала Трафімчук.
- Верагодна, у гэты дзень адбудзецца пакуль толькі дасудовая сустрэча бакоў. Калі прадстаўнік выканкаму пойдзе насустрач і пагодзіцца даць дазвол на правядзенне праваабарончага пікета на Цэнтральнай плошчы горада ў зручны для нас час, дык мы абсалютна гатовы адклікаць сваю скаргу. Зрэшты, як сведчыць шматгадовы досвед такіх сустрэч, выканкам на міравую ніколі не ідзе, - кажа Леанід Мархотка.
Не выклікае аптымізму ў праваабаронцы і асоба прызначанай для разгляду справы суддзі. Спадарыня Трафімчук ужо некалькі разоў займалася забаронамі Салігорскім выканкамам пікетаў у сталіцы шахцёраў, але ніколі не станавілася ў гэтых пытаннях на бок грамадзян. Гучныя справы ў выбарчыя перыяды таксама трапляюць да яе на разгляд з няцяжка прагназаванымі вынікамі.
На думку Леаніда Мархоткі, прызначэнне намесніцы старшыні суда на справу па забароне пікета да Дня правоў чалавека азначае асаблівы статус гэтай справы для ўладаў.