Суд Салігорскага раёна палічыў забарону пікета да Дня правоў чалавека законнай
У сталіцы шахцёраў 4 лютага судом Салігорскага раёна разглядалася скарга грамадскага актывіста Уладзіміра Шылы на забарону мясцовым райвыканкамам пікета да Дня правоў чалавека. Справу вяла суддзя Ала Трафімчук з удзелам памочніка пракурора Салігорскага раёна Юліі Гаршковай. Бок выканкаму ўжо традыцыйна ў такіх пытаннях прадстаўляў юрыст Аляксей Страпко.
Па словах прысутнага ў судзе праваабаронцы Леаніда Мархоткі, яшчэ напярэдадні паседжання ў калідоры да іх падышла сакратар Алена Валаткоўская ды прыгразіла штрафам у 8 базавых велічынь за уключаныя мабільнікі, перамовы ці любы іншы шум.
- Можа нешта змянілася ў заканадаўстве за апошні час, але каб яшчэ ў калідоры сакратар ускладаў на сябе паўнамоцвты суддзі ды загаддзя выносіў за гіпатэтычна магчымае парушэнне парадку вырак людзям, якія невядома ці яшчэ будуць наогул у залу заходзіць, дык такога ніколі не чуў, - пракаментаваў інцыдэнт праваабаронца.
Пад час непасрэдна судовага паседжання Уладзімір Шыла падтрымаў сваю скаргу - адмяніць рашэнне аб забароне пікетавання ды абавязаць улады узгадніць новую дату масавага мерапрыемства. Прадстаўнік выканаму выказаўся супраць задавальнення скаргі ды нарэшце агучыў прычыны забароны пікета да Дня правоў чалавека, чаго не было зроблена ў афіцыйнай адмове. Выявілася, што нагодай для забароны пікету сталася просьба заяўніка мерапрыемства ўскласці абавязкі па забеспячэнні гармадскага парадку, медыцынскаму абслугоўванню ды прыборцы тэрыторыі на мясцовыя органы ўлады.
Заслухаўшы заяўніка, прадстаўніка Салігорскага райвыканкаму ды пракурора, які палічыў неабходным адмовіць у задавальненні скаргі, суд прызнаў скрагу Уладзіміра Шылы неабгрунтаванай. Па словах грамадскага актывіста, адразу пасля атрымання матываванай часткі судовага рашэння ён правядзе кансультацыі з праваабаронцамі аб мэтазгоднасці далейшага абскарджвання гэтай справы ў вышэйшай інстанцыі.