Гомель: Міхась Цімашэнка патрабуе ад МЗС афіцыйных прабачэнняў за дыкрымінацыю па ўзросце
Актывіст АГП з Гомеля, 84-гадовы Міхась Цімашэнка 15 снежня накіраваў заяву на імя міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Заяўнік просіць ад МЗС і яго чыноўнікаў афіцыйных прабачэнняў за абразу і дыскрымінацыю яго па ўзроставай прыкмеце.
Скарга Міхася Цімашэнкі была зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН. Актывіст АГП з паплечнікамі вясной 2013 года планавалі правесці ў Гомелі шэраг пікетаў, але атрымалі забарону на мірныя сходы ад гарвыканкаму. Абскарджванне ў судах дадзенай адмовы не прынесла плёну. Прайшоўшы ўсе стадыі прававой абароны ўнутры краіны, Міхась Цімашэнка звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН са скаргай аб парушэнні права на свабоду выказвання меркавання праз мірны сход. КПЧ прыняў да разгляду дадзеную скаргу, і запатрабаваў ад беларускіх уладаў каментар з гэтай нагоды.
Зараз актывіст АГП атрымаў копію каментара беларускіх уладаў – чыноўнікаў МЗС. Выказваючы ад імя краіны заўвагі, чыноўнікі са спасылкай на ўзрост актывіста паставілі пад сумнеў яго дзеяздольнасць. «Людзі ў такім узросце пішуць простай мовай, а тэкст паведамлення перанасычаны адмысловымі юрыдычнымі паняццямі і тэрмінамі, спасылкамі на практыку работы Камітэта і прэцэдэнтнае права, што выклікае сумневы ў дачыненні да добраахвотнага характару напісання паведамлення», - заявілі ў каментары для Камітэта ААН беларускія чыноўнікі.
Актывіст АГП такія выказванні лічыць абразлівымі і дыкрымінацыйнымі. «Выходзіць, што беларускія чыноўнікі падаюць у КПЧ інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці, аб грамадзянах Беларусі, якія пасля 80 гадоў могуць выказвацца толькі простай мовай і не аддаюць справаздачу сваім дзеянням і ўчынкам», - напісаў у заяве ў МЗС Міхась Цімашэнка.
Нагадаем, у Гомелі ужо дзесяць гадоў мясцовыя ўлады не даюць дазвол на правядзенне мітынгаў і пікетаў, ініцыянаваных дэмакратычнымі актывістамі. Камітэт па правах чалавека ААН, куды звяртаюцца грамадзяне Беларусі наконт парушэння права на свабоду выказвання і мірных сходаў, становіцца на бок грамадзян, і прымае рашэнні па аднаўленні парушаных правоў. Толькі беларускія ўлады не спяшаюцца выконваць рашэнні КПЧ, мяркуючы, што яны носяць «рэкамендацыйны» характар.