Пракуратура выявіла "асобныя парушэнні" падчас агляду ў кватэры Уладзіміра Лемеша
Большасць парушэнняў, указаных актывістам у скарзе на нерпавамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі падчас агляду яго кватэры ў межах так званай “справы за чырвоную паласу”, пракуратура Салігорскага раёна не заўважыла ці нават палічыла законнымі. Але на асобныя парушэнні нагляднай інстанцыі ўсё ж прышлося адрэагаваць.
Пракурорская праверка ўстанавіла, што пры складанні пратакола агляду ўчастковым інспектарам Салігорскага РАУС Гусачэнка Д. М. былі дапушчаныя парушэнні заканадаўства. У прыватнасці, у дакуменце не былі адлюстраваны дадзеныя кожнай асобы, якая ўдзельнічала ў правядзенні следчага дзеяння. Гаворка пра невядомага ў цывільным, які адмовіўся назвацца і паказаць актывісту свае дакументы, але з маўклівай згоды астатніх міліцыянтаў актыўна лазіў па рэчах і дакументах маладзёна. Зрэшты, імя і прававы статус гэтага невядомага пракурор Салігорскага раёна Алег Аўдзей ў сваім адказе не агучыў.
Таксама пракуратура выявіла, што ў парушэнне Крымінальна-працэсуальнага кодэксу ў пратаколе недастаткова дакладна была адлюстаравана паслядоўнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі пры аглядзе. Тым не менш, гэтыя парушэнні наглядная інстанцыя палічыла не грубымі, а,улічваючы факт звальнення Гусачэнка Д. М. на момант праверкі з органаў унутраных спраў, падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання наогул не ўбачыла.
У мэтах недапушчэння ў будучыні падобных парушэнняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства ўстаноўленыя падчас праверкі абставіны былі абмеркаваны на працоўнай нардзе з удзелам кіраўніцтва Салігорскага РАУС.
Тым не менш, шэраг парушэнняў інстанцыя спадара Аўдзея прызнаць адмовілася. У ходзе праверкі пракуратура нібыта пабачыла тыя дастатковыя дадзеныя, якія далі законныя падставы для правядзення агляду жытла актывіста, але раскрываць іх сутнасць не стала. Нявыдача актывісту копій пратаколаў агляду і вынятай маёмасці была абгрунтавана адстутнасцю адпаведнай нормы ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Зрэшты, усе вынятыя ў маладзёна рэчы былі вернутыя, а праверка па “справе аб чырвонай паласе” скончылася адмовай ва ўзбуджэнні справы.