Міхаіл Мяхедка абскардзіць рашэнне аб накладанні штрафу ў Менгарсудзе
Менскі гарадскі суд 28 кастрычніка разгледзіць скаргу жыхара сталіцы Міхаіла Мяхедкі, якога пакаралі штрафам за спробу патрапіць на прыём да старшыні Вярхоўнага суду.
13 кастрычніка спадар Мяхедка быў затрыманы каля будынка Вярхоўнага суду і дастаўлены ў суд Ленінскага раёна Менска. Яго звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34 КаАП РБ) і пакаралі штрафам у памеры 15 базавых велічынь. Сваёй віны пад час суду ён не прызнаў.
Міхаіл Мяхедка паведаміў праваабаронцам, што мэта ягонага прыходу ў Вярхоўны суд заключалася ў тым, што ВС адмовіў у задавальненні ягонай скаргі неабгрунтавана. А скарга заключалася ў тым, каб апратэставаць пратэст на адмену вызначэння суда Леніскага раёна Менска ад 2 снежня 2013 года і судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менгарсуда 3 лютага 2114 года і ўзбудзіць справу па скарзе на бяздзейнасць Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Кабякова.
“Пры звароце да старшыні Канстытуцыйнага суду, на асабістым прыёме, старшынёй суду П. Міклашэвічам былі дадзеныя тлумачэнні, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта №14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага суда” надзелены правам даваць даручэнні КС правяраць правапрымяняльную практыку судоў па некаторых накірунках… У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі я, як грамадзянін, маю права звярнуцца да кіраўніка дзяржавы, гаранту правоў і свабодаў грамадзян, з просьбаю даць даручэнне КС праверыць правапрымяняльную практыку судоў. Я хацеў перадаць старшыні Вярхоўнага суду сваю скаргу з дапаўненнямі і копію відэасюжэта пра тое, як мяне забіралі ад будынку Вярхоўнага суду ў Навінкі. А на ганку суду стаяў з партрэтам Прэзідэнта Беларусі, каб звярнуць увагу службовых асобаў ВС на вырашэнне гэтай праблемы, аднак мяне затрымалі і адвезлі ў ГОМ, а ўжо адтуль накіравалі у РУУС, дзе быў складзены пратакол аб правапарушэнні”.
Разам са скаргаю Міхал Мяхедка перадаў таксама і заўвагі да пратаколу судовага паседжання суду Ленінскага раёна Менска па справе аб адміністратыўным правапарушэнні.
Справа ў тым, што Міхаіл Мяхедка, азнаёміўшыся з гэтым пратаколам, моцна здзівіўся: усе ягоныя тлумачэнні былі пададзеныя ў скажоным выглядзе. “Відаць, суддзя хоча зрабіць з мяне дурня” – пракаментаваў ён гэты дакумент.
Напрыклад, на пытанне суддзі пра тое, інвалідам якой групы ён з’яўляецца, Мяхедка адказаў, што не лічыць сябе інвалідам і мяркуе, што праз праз пэўны час здароўе ягонае адновіцца і ён вернецца да паўнацэннага жыцця. Аднак у пратаколе напісана наступнае: “Група інваліднасці мне не прызначалася, думаю што групу інваліднасці мне дадуць у снежні 2014 года”.
Далей у пратакол унесены наступныя тлумачэнні Мяхедкі: “Я хацеў каб узбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да суддзі Т. Жулкоўскай і кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта А. Кабякова.”
Насамрэч Мяхедка прасіў Вярхоўны суд унесці пратэст на адмену вызначэння суда Леніскага раёна Менска ад 2 снежня 2013 года і судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менгарсуда 3 лютага 2114 года і ўзбудзіць справу па скарзе на бяздзейнасць Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Кабякова.
Прыкладаў вольнай інтэрпрэтацыі слоў Мяхедкі пад час допыту ў адміністратыўным працэсе налічваецца амаль дзесятак, прычым усе яны зробленыя не на карысць заяўніка.
Нагадаем, што супрацьстаянне спадара Мяхедкі і чыноўнікаў Вярхоўнага суда цягнецца досыць доўга: за гэты час, чалавека, які жадае аднавіць сваё канстытуцыйнае права на зварот да Прэзідэнта Беларусі, двойчы накіроўвалі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінкі, затрымлівалі без складання пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні.