viasna on patreon

Неверагодна, але факт: следчы Скавародкін прызнае факт катаванняў Пятра Кучуры (копіі дакументаў)

2014 2014-10-01T15:00:00+0300 2014-10-01T11:50:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura_piotr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Кучура. Фота: svaboda.org

Пётр Кучура. Фота: svaboda.org

Пётр Кучура, які падвергнуўся катаванням у магілёўскай папраўчай калоніі № 15, атрымаў копіі дзвюх пастановаў пра прызначэнне судова-медыцынскай экспертызы для ўстанаўлення наступстваў атручвання яго хлорам. Пастановы ад 6 чэрвеня і 25 ліпеня бягучага года, абедзве падпісаныя старэйшым следчым Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта П.Л. Скавародкіным. І ў абедзвюх літаральна прачытваецца, што гэты следчы «ўстанавіў» факт хімічнага ўздзеяння на арганізм асуджанага.

Для большай пераканаўчасці не палянуемся працытаваць:

«Старэйшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь капітан юстыцыі Скавародкін П.Л., разгледзеўшы матэрыялы матэрыялу праверкі №572-2 ад 27.05.2014, -

УСТАНАВІЎ:

19.09.2013 Кучура П.К. за дапушчанае парушэнне правілаў унутранага распарадку быў змешчаны ў камеру штрафнога ізалятара №9 ПК-15 г. Магілёва, дзе была перавышаная норма ўтрымання пароў хлоркавай вапны ў выніку чаго з 09 гадзін 50 хвілін да 18 гадзін 30 хвілін адбылося хімічнае ўздзеянне на лёгкія Кучуры П.К. і апошняму былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні на лёгкіх <...>»

Утанавіў - значыць устанавіў. Як гаворыцца, з песні слоў не выкінеш. Дарэчы, як там спяваецца ў адной з вельмі папулярных: «Речка движется и не движется… Песня слышится и не слышится... Трудно высказать и не высказать…»  

Але ў абедзвюх пастановах за канстатуючай часткай ідзе заключная, у якой следчы Скавародкін «пастанавіў» «прызначыць па гэтай крымінальнай справе дадатковую судова-медыцынскую экспертызу <...>». [З копіямі абедзвюх пастановаў можна азнаёміцца ​​ў дадатку.]

Пастановы капітана Скавародкіна, старэйшага следчага, мякка кажучы, выклікалі здзіўленне як у Пятра Кучуры і яго жонкі, якая накіроўвала скаргі ў следчы орган, так і ў праваабаронцаў "Вясны", якія дапамагалі ёй у падрыхтоўцы гэтых скаргаў. Узнікае гэтае няёмкае пачуццё кагнітыўнага дысанансу, калі сур'ёзна задумваешся - хто тут ідыёт. Выбачайце, але новая інфармацыя ад следчага Скавародкіна відавочна супярэчыць ранейшай карціне свету.

Бо сутнасць праблемы заключаецца як раз у тым, што ўжо год як Людміла Кучура спрабуе дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы па факце наўмыснага атручвання мужа парамі хлоркавай вапны ў ПК-15, але той жа следчы Скавародкін упарта адмаўляе заяўніку ў гэтым. І раптам ён паведамляе: «па гэтай крымінальнай справе...» А тое, што ён «устанавіў», наогул пераварочвае ўсё з ног на галаву. Бо ад органаў следства патрабуюць прызначэння і правядзення рэальнай судова-медыцынскай экспертызы, якая магла б пацвердзіць факт катаванняў асуджанага. А зараз атрымліваецца, што следчы - ужо прызнаўшы факт катаванняў - вырашыў прызначыць гэтую экспертызу. Цікава, як гэтыя «ўзаемавыключальныя параграфы» састыкаваліся ў свядомасці капітана Скавародкіна?

Як паведамлялася раней, Пётр Кучура сцвярджае, што ніякая дадатковая судова-медыцынская экспертыза ў дачыненні да яго не праводзілася. І асуджаны заявіў пра гэта асабіста следчаму Скавародкіну, калі той прыязджаў яго апытваць. Тым не менш, на пачатку верасня асуджанаму прыйшоў адказ, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена, бо факт атручвання не пацвярджаецца нібыта праведзенай судова-медыцынскай экспертызай. У сувязі з гэтыя Людміла Кучура запатрабавала ў УСК па Магілёўскай вобласці копію пастановы аб прызначэнні гэтай судова-медыцынскай экспертызы. Следчы орган адказаў ёй адмовай, але выслаў копіі Пятру Кучуру, які цяпер у сувязі з узмацненнем жорсткасці пакарання знаходзіцца ў турме № 4 Магілёва.

Пастанова следчага Скавародкіна П.Л. аб прызначэнні судмедэкспертызы ад 6 чэрвеня 2014
Пастанова следчага Скавародкіна П.Л. аб прызначэнні судмедэкспертызы ад 25 ліпеня 2014

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства