viasna on patreon

СК просяць распачаць крымінальную справу за катаванні хлоркай у магілёўскай калоніі

2013 2013-11-27T14:49:38+0300 2013-12-05T12:38:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Мінчанка Людміла Кучура, чый муж адбывае пакаранне ў ПК-15 г. Магілёва, распавяла Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра тое, што метады ціску, якія прымяняюцца да асуджанага, сур'ёзна пагражаюць яго здароўю.

Псіхалагічны ціск на Пятра Кучуру распачаўся пасля публікацыі на сайце праваабарончай арганізацыі «Платформа» ў чэрвені гэтага года артыкула пра паборы ў магілёўскай ПК-15, з'яўленне якога адміністрацыя палічыла справай рук асуджанага і яго жонкі. Адно за другім на Кучуру пасыпаліся спагнанні, напрыклад, за «сон у неўстаноўлены час», накладанне якіх дазваляе пазбавіць яго спатканняў з жонкай, каб ён не мог распавесці ёй пра тое, як у калоніі абыходзяцца з вязнямі. Бо Людміла Кучура вядомая актывістка жаночай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Пасля спагнанняў было ШЫЗА, а за ім - ПКТ.

Абуральны факт, па якім Людміла Міхайлаўна патрабуе пакарання для адміністрацыі і персаналу ПК-15, меў месца ў штрафным ізалятары.

Апынуўшыся ў камеры ШЫЗА 19 верасня, Пётр Кучура ўбачыў, што ў рукамыйніцу і ўнітаз засыпаная хлорка - прыкладна з вядро. Пра праблемы з каналізацыяй яму нічога не паведамілі. Як толькі ён уключыў ваду, раствораная ў вадзе хлорка дала рэакцыю. Ад моцнага раздражнення слізістых вачэй і роту, мужчына не мог ні глядзець, ні дыхаць, ён пачаў грукаць у дзверы. Кантралёр,які з'явіўся ў камеры,паведаміў, што сантэхніка пакуль прыслаць не могуць, усе сантэхнікі занятыя. Варта адзначыць, што ў такіх памяшкання як ШЫЗА вентыляцыя практычна адсутнічае. Сантэхнікаў выклікалі толькі калі вязню стала дрэнна. Пасля ачысткі каналізацыі яму кінулі анучку памерам з насоўку, каб ёю ён прыбраў усё, што было разліта па камеры. Камеру ён вымыў, ды дыхаць у ёй па-ранейшаму было немагчыма. Але ў іншую камеру яго перавялі толькі калі яго самаадчуванне значна пагоршылася.

Пётр Кучура з'яўляецца інвалідам 3-йгрупы па захворванні сэрца, якое ён набыў у зняволенні. У сувязі з захворваннем ён павінен штодня прымаць лекі, але праз змяшчэнне ў ПКТ рэгулярнасць прыёмаў медыкаментаў парушалася. Таксама здаралася, што лекар замяняў сардэчныя прэпараты таблеткамі ад кашлю, але тлумачэнняў на гэты конт вязню атрымаць не ўдалося. Несвоечасовае ж прыняцце лекаў можа абярнуцца інфарктам, інсультам ці раптоўнай спыненнем сэрца.

Усё гэта падрабязна апісана ў скарзе на супрацьпраўныя дзеянні адміністрацыі і персаналу ПК-15, якую 5 лістапада накіравала начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Яна прасіла правесці праверку для ўстанаўлення факту атручвання хлорам і наступстваў гэтага атручвання і распачаць крымінальную справу супраць асобаў, вінаватых у прычыненні шкоды здароўю яе мужа. Аднак начальнік упраўлення А.І. Ракусаў не стаў разбірацца і перанакіраваў скаргу ў Магілёўскае абласное ўпраўленне ДВП МУС. Але ДВП МУС не ўпаўнаважаны разглядаць заявы і паведамленні пра злачынствы. Бо ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам прыняцце рашэнняў па заявах або паведамленнях пра злачынствы, учыненыя службовымі асобамі органаў унутраных спраў у сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю, адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства ў адпаведнасці з іх падследнасцю.

У сувязі з гэтым наступную падрыхтаваную праваабаронцамі «Вясны» скаргу Людміла Кучура накіравала ўжо намесніку старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У гэтай скарзе паведамляецца, што рашэнне А.І. Ракусава з'яўляецца незаконным і парушае правы і асуджанага і заяўніка.

«Кожная дзяржава забяспечвае любой асобе, якая сцвярджае, што яна была падвергнутая катаванням, права на прад'яўленне скаргі кампетэнтным уладам гэтай дзяржавы і на хуткі і бесстаронні разгляд імі такой скаргі (Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, прынятая рэзалюцыяй 39/46 Генеральнай Асамблеі ад 10 снежня 1984 г.).

Заканадаўства Беларусі не мае нормаў аб адказнасці службовых асобаў за катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, аднак магчыма кваліфікацыя іх дзеянняў па артыкулах Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы супраць чалавека і супраць інтарэсаў службы», - сярод іншага адзначаецца ў скарзе ў СК РБ.

Людміла Кучура просіць прыняць да разгляду яе заяву ў ГСУ СК Рэспублікі Беларусь, правесці па ім праверку і прыняць працэсуальнае рашэнне, накіраванае на абарону правоў яе мужа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства