У Магілёве прачыталі праваабарончыя лекцыі
Адразу два праваабарончых мерапрыемствы былі праведзеныя Магілёўскім аддзяленьнем ПЦ "Вясна" ў Магілёве ў мінулую суботу, 27-га верасьня.
У магілёўскім "Тэхнапарку" мовазнаўца і грамадскі дзяяч Вінцук Вячорка выступіў з лекцыяй "Права на мову".
Ён даў агляд моўнай сітуацыі ў краіне і ў Магілёве, засяродзіўшыся на праблеме неабароненасці моўных правоў беларускамоўных грамадзянаў. Было разгледжаные заканадаўства, якое забяспечвае роўнасць беларускай мовы: законы аб мовах, аб дзяржаўнай службе, і інш. Таксама былі ўзнятыя праблемы судаводства па-беларуску, беларускамоўнай адукацыі ў Магілёве ды інш. Вядоўца адказаў на шматлікія пытанні прысутных, адбылася дыскусія аб тым, якія захады варта прадпрыянць магілёўцам дзеля выпраўлення крытычнай сітуацыі з беларускай мовай у абласным цэнтры. Арганізатары плануюць неўзабаве арганізаваць круглы стол па гэтай праблеме, на якім мусіць адбыцца абмеркаванне канкрэтных крокаў у гэтым кірунку.
У грамадскім цэнтры "Кола" прайшла лекцыя, прысвечаная асаблівасцям аграрных стасункаў у Беларусі.
У фокусе ўвагі лекцыі была тэма эпідэміі афрыканскай чумы свіней у Беларусі і звязаныя з гэтым праблемы, найперш грамадзянаў, што трымаюць хатнія падворкі. Вядоўца, эканаміст Пётр Мігурскі, распавёў пра сістэму аграрных стусункаў у Беларусі і падрабязна спыніўся на праблемах асабістых гаспадарак у сувязі з АЧС: стан ветэрынарнага абслугоўвання скаціны, праблемы страхавання свіней, выплата кампенсацый за знішчаную скаціну, і г.д. Сярод слухачоў лецыі былі ўласнікі хатніх гаспадарак з Асіповіцкага, Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў, грамадскія актывісты, журналісты. Удзельнікі ў далейшым збіраюцца стварыць грамадскае аб'яднанне, якое будзе займацца вырашэннем вышэйпазначаных праблем.