viasna on patreon

Праваабаронцы просяць кіраўніцтва УУС Брэсцкага аблвыканкаму правесці гутарку з падначаленымі аб недапушчальнасці распальвання ў прэсе варожасці да цыганоў

2014 2014-09-24T12:28:19+0300 2014-09-24T12:28:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cygany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч звярнуліся з лістамі да начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкаму і да кіраўніка аддзелу па справах рэлігій і нацыянальнасцяў аблвыканкаму з просьбай правесці гутаркі з супрацоўнікамі міліцыі і рэдактарам раённай газеты «Ганцавіцкі час» аб недапушчальнасці распальвання ў прэсе варожасці да цыганоў. Таксама заяўнікі просяць абавязаць вінаватых публічна прынесці выбачэнні цыганскай дыяспары за парушэнне этычных нормаў.

Нагодай для звароту стала публікацыя ў раённай газеце «Ганцавіцкі час» пад загалоўкам «Калі прыйшлі ў дом цыганы – званіце ў міліцыю». Аўтарам артыкулу з'яўляецца намеснік начальніка Ганцавіцкага РАУС С.Тарасевіч. Па словах аўтара артыкула, «прадстаўнікі цыганскай нацыянальнасці, якія маюць злачынныя намеры, прыходзяць нібыта прадаваць розныя тавары і рэчы, а таксама пад выглядам работнікаў сацыяльных ці камунальных службаў».

«А хіба злачынцы іншай нацыянальнасці не могуць прадстаўляцца сацыяльнымі работнікамі ці прапанаваць тавары на продаж? З пункту погляду здаровага сэнсу, намеснік начальніка РАУС павінен быў папярэдзіць жыхароў раёна аб тым, што ў службовых асоб патрэбна папрасіць пасведчанне, а з гандлярамі размаўляць толькі на вуліцы. Замест гэтага ён абражае увесь цыганскі народ», - звяртаюць увагу ў звароце праваабаронцы.

Яны таксама адзначаюць, што дадзеную публікацыю ў раённай газеце перадрукаваў сайт «Правыя навіны», які адкрыта і ў жорсткай форме прапагандуе дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце.

Гомельскія праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу ідэолагаў і міліцэйскае кіраўніцтва на публікацыі ў СМІ, якія дыскрэдытуюць цыганоў. «Магчыма, службовыя асобы рознага ўзроўню лічаць прадстаўнікоў дадзенай этнічнай групы людзьмі другога гатунку і не турбуюцца аб тым, што падумаюць пра іх і палітыцы дзяржавы ў сферы міжнацыянальных адносін законапаслухмяныя ромы. Што ж, мы гатовыя, калі патрэбна, працягнуць працу. Як гаварылі рымляне – капля вады точыць камень не сілай, а частым падзеннем», - пракаментавала Марыя Клімовіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства