Гомель: ГДУ ім.Ф.Скарыны «адбіваецца» ад скаргі адлічанага сустаршыні «МФ» Андруся Цянюты, спасылаючыся на пратэрміноўку падачы зыску
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля працягваецца разгляд грамадзянскай справы па зыску адлічанага студэнта, сустаршыні «Маладога фронту» Андруся Цянюты да ГДУ ім.Ф.Скарыны. Малады чалавек лічыць сваё адлічэнне незаконным і патрабуе аднаўлення ва ўніверсітэце.
22 верасня заяўнік запатрабаваў правесці юрыдычную экспертызу «Правілаў унутранага распарадку» ГДУ ім.Ф.Скарыны, на парушэнне якіх спасылаўся ўніверсітэт пры адлічэнні Андруся Цянюты. Былы студэнт лічыць, што Правілы ўнутранага распарадку не распаўсюджваліся на яго жыццядзейнасць у час, калі ён быў не на сесіі, і калі ён знаходзіўся па-за межамі ўніверсітэту. Таксама адвакат актывіста звярнуў увагу суда на парушэнні працэдуры адлічэння студэнта. Суддзя Вольга Казлова адхіліла хадайніцтва аб правядзенні юрыдычнай экспертызы Правіл унутранага распарадку.
Прадстаўнік ГДУ ім.Ф.Скарыны, начальнік юрыдычнага аддзелу ВНУ Валер Нядоступ 22 верасня даводзіў на паседжанні, што наогул скарга адлічанага студэнта не падлягае разгляду ў судзе, таму што заяўнікам нібыта прапушчаны тэрміны абскарджвання, на якое адводзіцца месяц. Андрусь Цянюта быў адлічаны у канцы мая 2014 года. Разам з тым, у чэрвені ён звяртаўся са скаргай у суд, але суд не прыняў скаргу, параіўшы перш звярнуцца ў Міністэрства адукацыі. Міністэрства прызнала адлічэнне законным, і таму адлічаны студэнт усё-такі звярнуўся ў суд.
На судовых паседжаннях па справе Андруся Цянюты ёсць акалічнасці, якія звяртаюць на сябе ўвагу. Так, адно з паседажнняў было адкладзена для таго, каб начальнік юрыдычнага аддзелу высветліў у рэктара ГДУ ім.Ф.Скарыны пра тэрміны аднаўлення ва ўніверсітэце. На наступным паседжанні пра гэта нават не было гаворкі. На наступным паседжанні абвясцілі перапынак для выкліку ў суд у якасці сведкі дэкана завочнага факультэта. Сёння ж, 22 верасня, і пра выклік у суд дэкана як сведкі ніхто і не ўзгадваў. А начальнік юрыдычнага аддзелу пачаў казаць пра прапушчаны тэрмін падачы скаргі ў суд.
Тым часам, да наступнага паседжання Андрусь Цянюта павінен прынесці даведку, што ён у чэрвені ад працы быў у раз'ездах, і таму прапусціў месячны тэрмін абскарджвання загаду аб адлічэнні. Актывіст працуе мантажнікам.
Нагадаем, Андрусь Цянюта ў траўні 2014 года быў адлічаны з ГДУ ім.Ф.Скарыны, дзе ён навучаўся на трэцім курсе завочнага аддзялення па спецыяльнасці «Правазнаўства». Афіцыйная фармулёўка падпісанага рэктарам загаду аб адлічэнні: «за сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі і правіламі ўнутранага распарадку». Маецца на ўвазе прыцягненне актывіста да адміністрацыйнай адказнасці – арышту на 10 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Сам актывіст лічыць затрыманне і арышт прэвентыўнымі мерамі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Нагадаем, перад пачаткам Чэмпіянату свету па хакеі дзесяткі актывістаў апазіцыі трапілі за краты па абвінавачаннях у дробным хуліганстве ці непадпарадкаванню міліцыі.