viasna on patreon

Турэмная цэнзура не прапускае лісты Мікалая Статкевіча пра Украіну

2014 2014-09-06T16:45:00+0300 2014-09-08T16:48:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svabodu_statkievichy.jpg

Лісты ад Мікалая Статкевіча з каментарамі да падзей ва Украіне забірае турэмная цэнзура. Пра гэта стала вядома жонцы палітыка Марыне Адамовіч.

«Сёння атрымала ад яго ліст. Ён піша, што з 7 афіцыйна канфіскаваных у яго лістоў усе былі пра Украіну. Каментуе гэтак: „Улічваючы тое, што мае разважанні мала адрозніваюцца ад рыторыкі афіцыйнага кіраўніка, у нашых сілавых структурах у яго ёсць прарасійская апазіцыя“. Маецца на ўвазе, відаць, у МУС і КДБ. І яшчэ адгукнуўся на дыскусію паміж Скрабцом і Губарэвічам наконт выбараў 2015 году. Мікалай застаецца на сваёй ранейшай пазіцыі — што адзіным кандыдатам трэба абраць чалавека, якому ўлады забаранілі ўдзел у выбарах».

Пра настрой і здароўе Мікалая Статкевіча ягоная жонка кажа: «Ён раней званіў і па голасе чуваць, наколькі ён застаецца энэргічным чалавекам. І на здароўе не скардзіўся».

Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч адбывае ў крытай магілёўскай турме 6 гадоў зняволення па абвінавачанні ў арганізацыі забурэнняў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Статкевіч лічыць, што яго параследуюць паводле палітычных прычын і адмаўляецца падаваць прашэнне аб памілаванні.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства