viasna on patreon

Ва Украіне ўсё большая колькасць людзей ратуецца ўцёкамі

2014 2014-09-03T15:04:00+0300 2014-09-04T15:06:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bezhancy-ua.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Баявыя сутыкненні, што працягваюцца на ўсходзе Украіны, прыводзяць да росту патрэбаў людзей у гуманітарнай дапамозе і прымушаюць жыхароў рэгіёну пакідаць свае дамы і ратавацца ўцёкамі. Многія з іх знаходзяць прытулак унутры Украіны, іншыя - шукаюць прытулку ў Расіі. Непасрэдна ў зоне канфлікту налічваецца прыкладна 2,2 мільёна чалавек, у іх ліку інваліды і дзеці, пазбаўленыя вады, электрычнасці і многіх паслугаў.

«Калі крызіс не будзе вырашаныбліжэйшым часам, то ён не толькі пацягне згубныя гуманітарныя наступствы, але можа стварыць небяспеку дэстабілізацыі ўсяго рэгіёну. Улічваючы ўрокі Балканаў, цяжка паверыць, што канфлікт такога маштабу мог успыхнуць на еўрапейскім кантыненце», - заявіў Вярхоўны камісар Упраўлення ААН па справах бежанцаў Антоніу Гутэрыш на брыфінгу ў Жэневе 2 верасня.

Паводле ацэнак Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, за апошнія тры тыдні колькасцьунутрана перамешчаных асобаўва Украіне вырасла больш як удвая і, па стане на 1 верасня 2014 года, дасягнула прыкладна 260 тысяч. Яшчэ 5 жніўня іх колькасць складала 117 тысяч.

У УВКБ ААН лічаць, што рэальныя маштабы ўнутраных перамяшчэняў могуць быць значна большымі. Многія жыхары з усходніх раёнаў Украіны знайшлі прытулак у сваякоў і сяброў і не рэгіструюцца ў органах улады.

Па стане на 1 верасня, паводле ацэнак украінскіх уладаў, каля 2,2 млн. чалавек знаходзяцца ў зоне канфлікту. Колькасць асобаў, якія хочуць скарыстацца «гуманітарнымі калідорамі», усталяванымі ўкраінскай уладай для выезду з зоны супрацьстаяння, памяншаецца. Звязана гэта з нядаўнімі выпадкамі гібелі грамадзянскіх асобаў, якія спрабавалі сысці па іх.

З канца ліпеня ў цэлым «калідорамі» скарысталіся каля шасці тысяч чалавек.

Па дадзеных мясцовых уладаў, пачынаючы з мінулага аўторка, прыкладна 10 тысяч чалавек выехалі з Марыупаля ў Запарожжа, Бярдзянск і іншыя гарады ў выніку ваенных дзеянняў антыўрадавых сілаў у Новаазоўску.

 

У выніку рэгулярных абстрэлаў людзі ў зоне канфлікту маюць абмежаваны доступ да прадуктаў харчавання, пітной вады, а таксама асноўных паслугаў. Паводле ацэнак мясцовых уладаў, сёння ў Данецку, Макееўцы і Горлаўцы пражываюць прыкладна 20 тысяч чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. У Луганску вось ужо амаль месяц жыхары сутыкаюцца з перабоямі ў пастаўках харчавання і вады, а таксама электраэнергіі. Будынкі і дарогі істотна пашкоджаныя, што абмяжоўвае магчымасці аказання гуманітарнай дапамогі.

У пасёлку Ясінаватая, па паведамленнях, каля 150 чалавек знайшлі прытулак у падвальных памяшканнях без электрычнасці. Сярод іх шмат асобаў сталага ўзросту.

Пасля таго, як на пачатку ліпеня ўкраінская ўлада аднавіла кантроль над многімі гарадамі на поўначы Данецкай вобласці, многія ўнутрана перамешчаныя асобы вярнуліся дадому. Напрыклад, каля 20 тысяч перасяленцаў вярнуліся ў Славянск з іншых гарадоў Данецкай вобласці. Па падліках мясцовых уладаў, падчас самага інтэнсіўнага перыяду супрацьстаяння каля 40% насельніцтва выехалі з горада, пераважная большасць з іх - да 90% - вярнуліся дадому.

УВКБ паведамляе, што многія жыхары ўсходу Украіны бягуць у Расію. Толькі ў жніўні колькасць украінцаў, якія жадаюць атрымаць статус бежанца або прытулак у Расійскай Федэрацыі, павялічылася на 66 тысяч чалавек. Спасылаючыся на дадзеныя Федэральнай міграцыйнай службы Расійскай Федэрацыі, УВКБ паведамляе, што за перыяд з 1 студзеня 121 190 украінцаў звярнуліся да расійскіх уладаў з просьбай аб прадастаўленні статусу бежанца або часовага прытулку. З канца ліпеня «квоты на часовы прытулак» былі вычарпаныя ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове і Чачні, таму зараз украінцы вымушаныя шукаць прытулку ў іншых рэгіёнах Расіі.

Да таго ж 138825 украінцаў звярнуліся з просьбай аб прадастаўленні іншых відаў прававога статусу, такіх як часовы або сталы від на пражыванне, а таксама статусу ў рамках праграмы «перасяленне суайчыннікаў». Значная частка ўкраінцаў, якія прыбываюць у Расію, карыстаюцца бязвізавым рэжымам. Па дадзеных расійскіх уладаў, прыкладна 814 тысяч украінцаў заехалі на тэрыторыю Расіі з 1 студзеня 2014 года. Гэтая лічба ўключае таксама асобаў, якія звярнуліся за статусам бежанца або часовым прытулкам, а таксама за іншымі відамі дазволаў на пражыванне.

За перыяд са студзеня да ліпеня 2014 года 4106 украінцаў звярнуліся з просьбай аб прадастаўленні прытулку ў краінах Еўрапейскага саюза. У 2013 годзе такіх заяваў было прыкладна 900, паведамляе Цэнтр навінаў ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства