Як пісаць пра палітвязняў?
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Наста Лойка падзялілася з парталам Mediakritika.by парадамі наконт таго, на што трэба звяртаць увагу журналістам, якія пішуць пра палітвязняў, іх судовыя справы ды сваякоў.
- У фільме, знятым пра Наталлю Радзіну, рэдактарка “Хартыі-97” кажа, што пра палітвязняў трэба пісаць кожны дзень. На ваш погляд, ці дастаткова ўважліва беларускія журналісты асвятляюць пытанні, звязаныя з жыццём палітвязняў і іхнімі сем’ямі?
- Тэма палітвязняў – безумоўна, вельмі важная і неабходная ў сучасных беларускіх рэаліях. І самы павярхоўны адказ прагучаў бы як “так, вядома ж, пішыце пра палітвязняў і пабольш!”, бо гэта праблема не толькі асобных людзей, а ўсяго грамадства. Але як і ў праваабронцаў, так і журналістаў, ёсць маральны абавязак не нашкодзіць тым людзям, пра каго яны пішуць. І наконт палітвязняў гэта асабліва актуальна.
Часта іх называюць “закладнікамі” – і ў гэтым нешта ёсць. Сапраўды бязвінныя людзі патрапляюць у агрэсіўны турэмны асяродак, дзе сочаць за кожным крокам, нацкоўваюць на людзей, шантажуюць роднымі і г.д. Таму кожны палітвязень, сыходзячы са сваіх асаблівасцяў абірае тую ці іншую “мадэль выжывання”: нехта актыўна камунікую са знешнім светам і СМІ, а нехта, наадварот, звяртаецца ў выпадку скрайняй сітуацыі. Напрыклад, у Яўгена Васьковіча пэўны час была пазіцыя, што ён не агучваў прэсе ніякую інфармацыі пра жорсткі ціск з боку адміністрацыі калоніі, бо лічыў гэта апошнім крокам – звяртацца да журналістаў трэба, калі будзе зусім кепска.
Беларускія журналісты заўжды ахвотна і рэгулярна пішуць пра палітвязняў. Разам з тым, яны не заўсёды ўважліва ставяцца да просьбаў родных, адвакатаў і праваабаронцаў не публікаваць пэўную інфармацыю. Часам карэспандэнты не разумеюць, якую пагрозу можа нанесці вязню кожнае іх слова ў газеце ці на сайце. Таму я заўжды раю журналістам не проста пісаць пра палітвязняў, а таксама прыслухоўвацца да меркавання родных.
- Ці можаце назваць тыповыя памылкі ў журналісцкіх матэрыялах, прысвечаных тэме палітвязняў?
- Тыповыя памылкі звычайна звязаныя з юрыдычнай тэрміналогіяй, якая цяжкавата стасуецца з публіцыстычнай мовай. Самая папулярнае з юрыдычных складанасцяў – блытаніна паміж прафілактычным улікам і прэвэнтыўным наглядам, хоць на сайце ПЦ “Вясна” ёсць тэматычныя агляды на гэты конт.
Той жа тэрмін “турма” журналісты любяць выкарыстоўваць як любое месца зняволення, а з юрыдычнага пункту гледжання гэта самы строгі від рэжыму пры пазбаўленні волі, куды накіроўваюць па рашэнні суду за сістэматычнае парушэнне рэжыму. Часам карэспандэнты блытаюць амністыю і памілванне, прыпісваюць цытаты родным, хоць нічога падобнага тыя не заяўлялі. Апроч таго, некаторыя СМІ (“Наша ніва”, напрыклад) ствараюць свае спісы палітзняволеных, якія часам не супадаюць са спісамі праваабаронцаў.
- Дарэчы, наконт спісаў палітвязняў. У сацыяльных сетках і каментарах на сайтах перыядычна ўзнікаюць спрэчкі аб колькасці палітвязняў – па ацэнках міжнароднай супольнасці, па ацэнках беларускіх праваабаронцаў, па ацэнках актыўных грамадзянаў (ініцыятыва “Марафон салідарнасці”, напрыклад). Такія пытанні ўзнікалі, напрыклад, пра Васіля Парфянкова, Алега Гайдукова, Сяргея Башарымава, асуджаных “па справе анархістаў”, - лічыць іх палітвязнямі ці не. Чаму ўзнікаюць супярэчнасці і якімі крытэрамі кіруецца ПЦ “Вясна” пры наданні статуса палітвязня актывістам?
- Вельмі трапнае і насамрэч балючае пытанне. Раней мы кіраваліся ўнутранымі правіламі, якія тлумачылі ў аглядзе па кожнай справе, але гэтыя крытэры не былі замацаваныя ў адным дакуменце. То бок пэўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу мы аўтаматычна разглядаем як палітычна матываваны пераслед (Арт.193 прым.1 “Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці”, арт. 367 “Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, арт. 368 “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, арт. 369 “Абраза прадстаўніка ўлады”, арт. 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”). Па такіх справах з моманту пачатку крымінальнага пераследу мы заяўлялі пра палітычны матыў дзяржавы.
Другая група спраў больш складаная, калі чалавека абвінавачваюць у межах “звычайнай” крымінай справы, але праз яго грамадзкую пазіцыю ёсць верагоднасць палітычнага матыву пераследу. У такіх сітуацыях мы наведваем судовыя працэсы, робім юрыдычны аналіз справы і прыходзіць да меркавання наяўнасці ці адсутнасці палітычнага матыву пераследу. Калі чалавека беспадстаўна абвінавачваюць, ён прызнаецца палітвязнем. У гэтых абодвух выпадках мы патрабавалі вызвалення чалавека і спынення крымінальнага пераследу. Аднак бываюць сітуацыі, калі асоба насамрэч здзейсняе правапарушэнне, але па палітычных матывах яго караюць вельмі сурова, тады мы кажам пра палітычна матываваную непрапарцыйнасць пакарання і патрабуем перагляд справы (справы анархістаў Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі, напрыклад).
У кастрычнікў 2013 на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме было прэзентавана Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», якім займалася працоўная група праваабаронцаў з Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Дадзенае Кіраўніцтва выклікала шмат рэзанансу і рознабаковых ацэнак, але яно для нас стала пісьмовым кансалідаваным абгрунтаваннем нашай звычайнай практыкі.
- Палітвязні самі або іхнія сваякі, як і звычайныя людзі, часам трапляюць у непрыемныя сітуацыі. Напрыклад, накіраванне аднаго з актывістаў на прымусовае лячэнне ў ЛТП. Беларускія дзяржаўныя медыя гэтыя факты стараюцца скарыстаць, каб падаць агульны партрэт актывістаў, якія выступаюць супраць рэжыма Лукашэнкі. На ваш погляд, ці павінны журналісты наогул надзяляць увагу такім фактам з жыцця палітвязняў?
- У мяне няма адназначнай пазыцыі, бо тут пытанне маральнага выбару як для журналіста, так і для самога актывіста, які мусіць разумець празмерную ўвагу да яго жыцця з боку дзяржавы і СМІ.
- Ці варта журналістам адсочваць далейшы лёс палітвязняў, калі яны выходзяць на свабоду? Якім чынам увага прэсы можа дапамагчы зняволенаму і ўжо вызваленаму чалавеку? Альбо лепш не турбаваць актывіста і ягоную сям’ю?
- Насамрэч, не так шмат вялікіх інфармацыйных нагодаў па тэме палітвязняў. Але кожнае вызваленне ізноў прыцягвае ўвагу да праблемы. Гэта разумеюць і самі вызваленныя, якія па магчымасці нагадваюць пра астатніх актывістаў, якія засталіся за кратамі. Інфармацыя ў СМІ – гэта таксама форма сацыялізацыі пасля складаных псіхалагічных умоваў у турме. Да таго ж да любога вызваленага накладаюцца пэўныя абмежаванні ў выглядзе прафілактычнага ўліку як мінімум, а гэта вымушае камунікаваць з супрацоўнікамі міліцыі. Развіццё падзей можа быць якім заўгодна, бо да былых палітвязняў заўсёды моцная ўвага з боку спэцслужбаў. Таму дадатковая медыяпадтрымка ім ніколі не зашкодзіць. Але калі чалавек абірае больш спакойнае жыццё, варта прымаць і паважаць ягоную пазіцыю.