Салігорск: з правам на спрыяльнае навакольнае асяроддзе пакуль складана
Усё часцей у беларускай сталіцы шахцёраў паўстаюць пытанні з забеспячэннем права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Разабрацца ў сітуацыі паспрабавалі мясцовыя праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага Камітэту.
Згаданае вышэй права грамадзян Рэспублікі Беларусь зафіксавана ў 46-ым артыкуле нашай Канстытуцыі, адзначаюць прадстаўнікі БХК. На вялікі жаль, узятыя на сябе абавязацельствы дзяржава выконвае далёка не заўсёды. І Салігорск тут зусім не выключэнне. Згадаем хоць бы бясконцую барацьбу мясцовых грамадскіх актывістаў з татальным ушчыльненнем гарадской забудовы і высечкай лесапаркаў. Апошняе такое знішчэнне зялёнай зоны адбылося, дарэчы, літаральна некалькі дзён таму.
Зрэшты, права на спрыяльнае і здаровае навакольнае асяроддзе парушаецца ў беларускай сталіцы шахёраў не толькі праз наўпроставае знішчэнне рэкрэацыйных тэрыторый, ушчыльненне забудовы ці павелічэнне колькасці шкодных прамысловых вытворчасцяў у рэгіёне, лічаць праваабаронцы.
- Першасная праблема, насамрэч, у адсутнасці рэальных паўнамоцтваў у грамадзян для рэалізацыі сваіх экалагічных правоў. Гаворка пра складанасці пры стварэнні незалежных грамадскіх аб’яднаняў у гэтай сферы, пра праблемы пры арганізацыі і ўдзеле ў тэматычных мірных сходах, мітынгах, шэсцях і пікетах, пра немагчымасць правядзення тых жа мясцовых рэферэндумаў, - кажа прадстаўнік БХК у Салігорску Леанід Мархотка. - Па другое, казаць пра магчымасці гараджан атрымліваць дакладную і праўдзівую інфармацыю пра стан навакольнага асяродку не выпадае. Незалежныя СМІ ў рэгіёне загнаныя практычна ў гета, а афіцыйныя і праўладныя медыі любыя вострыя тэмы імкнуцца абмінаць.
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для абароны экалагічных правоў у беларускай сталіцы шахцёраў, пэўныя мясцовыя ініцыятывы ўсё ж імкнуцца праяўляць тут сваю актыўнасць. Некалькі гадоў таму ў Салігорску з’явілася грамадская кампанія “Абаронім лес”, якая змагаецца са знішчэннем у горадзе лесапаркавых зон. Цікавыя мерапрыемствы экалагічнага накірунку ладзіць тутэйшая творчая суполка “Новы час”. Літаральна на мінулых выходных яны зладзілі талаку ў творчым стылі на салігорскай сцежцы задроўя. Зрэшты, з прычыны адзначаных вышэй прычын казаць пра масавасць і вялікую эфектыўнасць салігорскіх экалагічных ініцыятыў пакуль заўчасна.