У Салігорску зноўку знішчаецца катэгарыйны лесапарк (фота)
Актывісты салігорскай грамадскай ініцыятывы “Абаронім лес” выявілі чарговае знішчэнне катэгарыйнага леспарку. Высечка зялёнай зоны адбылася на выездзе з Салігорску ў бок вёсцы Тычыны.
Пра планы ўладаў спілаваць у гэтым месцы кавалак лесу агульнай плошчай больш за адзін гектар мясцовым грамадскім актывістам стала вядома яшчэ напрыканцы мінулай зімы. На спустошанай ад зялёных насаджэнняў тэрыторыі мусіў з’явіцца кафэ-бар з прылеглай інфрастурктурай. Праз прыцягненне ўвагі грамадскасці абаронцам салігорскага лесапарку ўдалося адтэрмінаваць высечку на паўтары гады.
- На вялікі жаль нам зноў даводзіцца бачыць чарговае парушэнне права жыхароў гораду на здаровы навакольны асяродак. І робіцца гэта ўжо традыцыйна напрыканцы працоўнага тыдня, у ціхую, як гаварыцца, без абвяшчэння вайны. Наша прапанова перанесці кавярню на невялічкую паляну на паўкіламетры далей ўладамі таксама пачута не была, - кажа актывіст экалагічнай ініцыятывы Уладзімір Шыла.
Далейшы лёс салігорскага лесапарку выклікае ў яго абаронцаў яшчэ большую занепакоеннасць. Як вядома, падчас чэрвеньскага візіту ў сталіцу шахцёраў Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры будаўніцтве ў горадзе жылля ні ў якім выпадку не павінны быць задзейнічаны ўрадлівыя ворныя землі. Пасля гэтых заяў было фактычна прыпынена адзіна магчымае пашырэнне гарадской забудовы ў бок вёскі Краснадворцы, зацверджанае некалькі гадоў таму генеральным планам развіцця горада. У такіх абставінах, улічваючы значныя тэрыторыі, на якіх забудова не можа весціся з-за падземнай распрацоўкі, у мясцовых уладаў значна павялічваецца спакуса выкарыстоўваць пад гэтыя мэты лесапаркавыя зоны.