Хоцімск: перад актывістам выбачыліся, аднак інтэрнэт-паклёпнікаў так і не назвалі
16 ліпеня грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч нарэшце атрымаў праз пошту адказ з міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на сваю скаргу на імя міністра, у якой ён прасіў адмяніць пастанову начальніка Хоцімскага РАУС (ліст №ЕК-506 ад 16.04.2014 г.) і пастанову ад 23.05.2014 г. намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама (ліст № 19/К-33 от 23.05.2014 г.) аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па яго заяве ў міліцыю.
У адказе, які падпісаны часова выконваючым па пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадка і прафілактыкі МГБ МУС А. Г. Каразеем і датаваны 11 ліпеня, паведамляецца, што скарга Валерыя Каранкевіча разгледжана ў адпаведнасці з Законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.”
Палкоўнік Каразей праінфармаваў Валерыя Каранкевіча, што супрацоўнікі Хоцімскага РАУС і УУС Магілёўскага аблвыканкама дапусцілі асобныя парушэнні пры разглядзе яго скаргаў. Па выніках дадзенай праверкі прынятае рашэнне аб правядзенні службовай праверкі і кіраўніцтву УУС указана на неабходнасць больш якаснага кантроля за арганізацыяй адміністрацыйнага працэса. Таксама ў лісце паведамляецца, што аб выніках службовай праверкі спадар Каранкевіч будзе праінфармаваны дадаткова.
“Прыносім свае выбачэнні за недастаткова прафесійныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі”, - пішацца ў адказе з міністэрства.
Адначасова палкоўнік Каразей паведаміў Валерыю Каранкевічу, што ў адпаведнасці з п. 1 ч. 1 арт.7.6 КоАП РБ у дадзены час скончыўся двухмесячны тэрмін для вынясенны адміністрацыйнага пакарання , прадугледжанага арт. 9.3 (паклёп) КаАП, па факту распаўсюджання звестак, закранаючых яго гонар і годнасць, што з’яўляецца падставай для спынення адміністрацыйнай вытворчасці па справе.
Да грамадскага актывістадавялі інфармацыю пра тое, што ў адпаведнасці з арт. 153 (абарона гонару,годнасці і дзелавой рэпутацыі) Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь ён мае права падаць пазоў у суд у межах грамадзянскай судавытворчасці.
Валерый Каранкевіч кажа, што ён так і не атрымаў адказу на галоўнае пытанне – хто ж распаўсюджваў матэрыялы паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах да яго і іншых грамадскіх актывістаў Магілёўскай вобласці на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com.
“Безумоўна, дадзены адказ мяне не можа задаволіць ніякім чынам, бо супрацоўнікі міністэрства таксама так і не назвалі людзей, якія распаўсюджвалі паклёпніцкую інфармацыю ў адносінах да мяне і іншых грамадкіх актывістаў Магілёўшчыны ў інтэрнэце, - кажа грамадскі актывіст. – На маю думку, яны проста ўхіліліся ад канкрэтнага адказа, спаслаўшыся на сканчэнне тэрміна для вынясення адміністрацыйнага пакарання”.
Нагадаем, што жыхар Хоцімска Валерый Каранкевіч 10 чэрвеня накіраваў скаргу на імя міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у якой звярнуўся з просьбай правесці расследванне, выявіць асобаў, якія дапусцілі абразы і паклёп на яго адрас, пыцягнуць іх да адказнасці згодна Закона і даць яму пісьмовы адказ у ўстаноўленыя законам тэрміны.
Раней Валерый Каранкевіч падаваў скаргі з просьбай устанавіць і прыцягнуць да адказнасці згодна закона асобаў, якія змяшчалі на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com матэрыялы паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах да яго, у Хоцімскі РАУС і УУС Магілёўскага аблвыканкама, аднак магілёўскія праваахоўнікі так і не здолелі знайсці гэтых асобаў.
Напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы на гэтым інтэрнэт-рэсурсе рэгулярна пачалі з’яўляцца публікацыі паклёпніцкага зместу пра цэлы шэраг дэмакратычных актывістаў і незалежных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў Магілёўскай вобласці.