viasna on patreon

Міністар у «зоне гасьціннасьці»: «Узяць!»

2014 2014-05-29T10:08:00+0300 2014-05-29T10:08:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina.jpg

Батарэі жаночых шпілек калі дзьвярэй камэр, побач «сядзіць» чэмпіён Беларусі ў адзінаборствах, а менскія наркаманы штодня зарабляюць на дробных крадзяжах два мільёны рублёў – Андрэй Ткачоў, 28-гадовы інструктар па фітнэсе і івэнт-мэнэджар, распавёў Радыё Свабода, як ён адбыў 15 сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

7 траўня Андрэя запрасілі на прафіляктычную размову ў РУУС, якая скончылася для яго 15-суткавым арыштам за «хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі». Поўную гісторыю арышту Андрэй выклаў у блёгу https://andrey-tkachov.livejournal.com/721.html

Ён сьцьвярджае, што ў пэрыяд ЧС на Акрэсьціна пабывала як найменш тры сотні «палітычных» сутачнікаў. «І гэта ня ўлічваючы соцень і соцень чалавек, прымусова накіраваных у ЛТП, татальнай зачысткі Менску ад «асацыяльных элемэнтаў», папросту бамжоў, прастытутак, алькаголікаў і г.д. з вывазам такіх за 101-ы кілямэтар ці пасадкай на суткі.
Можна сказаць, што паралельна з чэмпіянатам сьвету па хакеі, у Менску праходзіў чэмпіянат РБ па рэпрэсіях у дачыненьні да сваіх грамадзян».
 

Хавацца ці здавацца

Насамрэч гэта было ня надта нечакана. Я меркаваў, канечне, што падчас правядзеньня такога буйнога мерапрыемства нейкія правакацыі, пасадкі, рэпрэсіі магчымыя. Але ня думаў, што мяне гэта закране. Я ўжо даўным-даўно стараюся ня лезьці ў палітыку, бо трохі ў гэтым расчараваўся. Таму для мяне візыт дахаты апэратыўнікаў крымінальнага вышуку быў нечаканасьцю.
У мяне было два варыянты: альбо цягам месяцу бегаць, хавацца, адключыць тэлефон, ні з кім не кантактаваць. Альбо прыйсьці ўсё ж да іх на так званую прафіляктычную размову. І спадзявацца, што гэтым і абмяжуецца. Але, як мы бачым, мяне «закрылі» на суткі.
 

Я быў адміністратарам суполак «маўклівай» рэвалюцыі

Для мяне ўсё пачалося з выбараў у 2010 годзе. Я да таго палітыкай не цікавіўся, i як тыповы беларус жыў у сваім маленькім сьвеце – сябры, дом, вучоба. Але разгон Плошчы мяне шакаваў. Я не разумеў, што адбываецца.
Пасьля наступіла вясёлае лета 2011, калі ў інтэрнэце пачалі арганізоўваць флэш-мобы. Людзі ў пэўны час прыходзілі на плошчу, маўчалі і разыходзіліся. Паколькі я прымаў непасрэдны ўдзел у гэтых падзеях – быў мадэратарам некалькі груп Вконтакте – мною зацікавіліся шчыльна спэцслужбы і некалькі разоў арыштоўвалі.
У 2011 годзе мяне забіралі на акцыях некалькі разоў, пасьля прыйшлі да мяне на працу і адтуль забралі. Я ў той час працаваў арт-дырэктарам у начным клюбе. Як я выйшаў з сутак, высьветлілася, што я ўжо нідзе не працую. Ня ведаю, якім чынам гэта было зроблена, але пасьля я ў клюбнай сфэры нідзе ня змог знайсьці сабе працу. Мне так і казалі «ня хочам з табой праблем». Сам клюбны бізнэс ня надта празрысты, таму лішняя ўвага праваахоўных органаў уладальнікам і дырэктарам ня трэба.
 

Гарачая вада зьявілася, а пітной няма

Гэта мой ня першы досьвед у ЦІПе. Я да таго атрымліваў ад 7 да 10 сутак. Але гэта мой самы доўгі пятнаццацісуткавы арышт. Ізноў жа ўмовы ўтрыманьня ў тым корпусе, дзе мы былі, моцна адрозьніваюцца ў лепшы бок.
Там хаця б ёсьць спальныя месцы, нешта падобнае да матрацаў. Выдаецца нават пасьцельная бялізна – прасьціны, наўлечкі, ручнікі. Ёсьць кран з гарачай і халоднай вадой. Гэта вельмі вялікі прагрэс.
Вада занадта хляраваная і не прыдатная для піцьця, але даводзілася яе піць. Мы яе адстойвалі ў бутэльках, каб хлёр трохі выйшаў. Хаця ў правілах утрыманьня дакладна напісана, што затрыманым мусіць давацца халодная гатаваная пітная вада. Я калі спытаўся пра гэта ў першы дзень, дык зь мяне толькі пасьмяяліся.
 

Наркаманы «зарабляюць» на крадзяжах у крамах да двух мільёнаў за дзень

Сукамэрнікі былі вельмі цікавымі людзьмі. Як правіла, гэта дробныя рабаўнікі, якія асуджаныя за дробны крадзёж у крамах. У ста працэнтах выпадкаў гэта наркаманы, якія гэтым зарабляюць. Я быў вельмі зьдзіўлены, што іхны «заробак» настолькі вялікі, што за дзень яны могуць траціць ад аднаго да двух мільёнаў на наркотыкі. Паводле іхных размоваў, ад двух мільёнаў яны спакойна «зарабляюць» гэтым дробным крадзяжом.
Быў хлопец з Данецка. Зьбег у Беларусь ад той сваволі, што там рабілася. Пашпарт згубіў. Тут яго спыніў АМАП для праверкі і «закрылі» ў ЦІП на дэпартацыю. Чалавек зь вельмі правільным сьветапоглядам і жыцьцёвай пазыцыяй, але апынуўся ня ў тым месцы і ня ў той час.
Былі футбольныя фанаты. Са мной у камэры сядзеў актывіст НБП Бурак. Прозьвішча ягонае Буракоў, але мы ўсе яго называлі Бурак. Іншы ягоны добры сябар нацбол Палякоў сядзеў у суседняй камэры.
Са мной у камэры быў яшчэ грамадзянін Расеі, якому інкрымінуюць махлярства. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага і яго ўтрымліваюць у ЦІПе фактычна незаконна. На яго ўжо некалькі разоў фальсыфікавалі пратаколы за «адміністратыўку» – нібыта ён быў нецьвярозы ў грамадзкім месцы і лаяўся матам. Яго спачатку затрымалі для высьвятленьня асобы, пратрымалі трое сутак. Пасьля адзін пратакол, другі і ў выніку яму ягоны статус ніхто не паведамляе, але намякаюць, што ён сядзіць у чаканьні дэпартацыі. Бо крымінальны артыкул яму ня могуць давесьці. Спрабуюць давесьці максымум эпізодаў, а ён усё адмаўляе.
Але ўся складанасьць сытуацыі ў тым, што яму не даецца юрыдычная дапамога, не тлумачаць ягоныя правы, статус, і ён проста сядзіць у чаканьні невядома чаго.
 

На суткі забіралі «па пляне» і «па старой памяці»

Я вельмі зьдзіўлены маштабам рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Я думаў, што ў цяперашняй палітычнай сытуацыі рэйтынг Аляксандра Рыгоравіча вырас шматкроць і няма ані найменшай падставы для хваляваньняў. Але паколькі нашая «доблесныя» праваахоўнікі лішні раз перастрахоўваліся, то яны грэблі ўсіх і ўся – да каго маглі дацягнуцца. Наколькі я ведаю, у іх быў плян па пасадках.

Былі, напрыклад, у камэрах футбольныя фанаты. Наколькі я ведаю, на нейкім паверсе сядзеў чалавек, які ўжо больш за пяць гадоў не ўваходзіць у гэтыя фанацкія суполкі. То бок раней быў фанатам, а цяпер ён займаецца адзінаборствамі, шматразовы чэмпіён Беларусі, такі спартовы таварыш. Але яго «па старой памяці» туды забралі.
 

Прыяжджалі да людзей дахаты, складалі пратакол – і ў ЛТП

З катэгорый, каго забіралі, найбольш колькасная – гэта алькаголікі, якіх прымусова накіроўвалі на лячэньне ў ЛТП. Каб не псавалi карцiну чысьцiнi i стабiльнасьцi. Прычым паводле нашага заканадаўства мусіць быць тры прывады ў стане алькагольнага ап’яненьня на працягу году. Дык міліцыя проста дахаты прыяжджала, забіралі людзей з дому і складалі пратакол, што тыя знаходзіліся ў грамадзкім месцы і расьпівалі сьпіртныя напоі.
 

Здымаў на мабільнік у «зоне гасьціннасьці» – у міліцыю

Гэтыя рэпрэсіі былі ня толькі ў дачыненьні да грамадзянскіх актывістаў ці палітычных, але і супраць звычайных людзей. Да нас у камэру да суду закінулі аднаго хлопца, які прыйшоў у «зону гасьціннасьці», выпіў куфаль піва і пачаў здымаць усё вакол на тэлефон. Як яму пасьля ўжо распавялі, у яго асабіста пальцам тыкнуў наш міністар МУС Шуневіч, сказаў «узяць», і хлопца закрылі за тое, што ён «лаяўся матам» у грамадзкім месцы. Думаю, што яму штраф далі, бо гэта была ягоная першая адміністратыўка.
 

Па пяць-шэсьць пар жаночых «шпілек» каля кожнай камэры

Увесь другі паверх быў забіты «начнымі матылькамі». Іншым разам ідзеш па калідоры другога паверху, калі адвакат прыходзіць, напрыклад, дык па ўсім калідоры стаялі жаночыя «шпількі». Па 5-6 параў каля камэраў.
  

Праваахоўнікі баяцца, каб не было «як ва Ўкраіне»

У прынцыпе праваахоўнікі сябе паводзілі адэкватна. Асаблівага імпэту зь іхнага боку, каб вось ужо «зь пенай у роце», то не было такога. Больш за ўсё мяне зьдзівіла, што яны былі ўпэўненыя, што робяць правільна, што яны робяць як трэба і на дабро. А я вось такі быў для іх злачынца, маргінал...
Яны ўвесь час ківалі на ўкраінскія падзеі. Казалі: «ты што, хочаш, каб у нас было як ва Ўкраіне». Яны казалі, канечне, «на Ўкраіне», а я іх увесь час выпраўляў. І іх гэта злавала.
Але стаўленьне супрацоўнікаў ЦіПа было ляяльнае. Яны самі ўсё разумелі і ім гэта ўсё ня надта падабалася.
 

Хапаць і саджаць

Лёгіку ў гэтых рэпрэсіях шукаць ня трэба. За дваццаць гадоў склаўся такі мэханізм, які аднойчы запушчаны – і яго ўжо ніколі не спыніць. Аж да зьмены ўлады ці да глыбокіх рэформаў.
Адзінае, што навучыліся рабіць нашы праваахоўнікі – гэта хапаць і саджаць. Па-іншаму неяк узаемадзейнічаць зь людзьмі яны проста ня могуць і ня ўмеюць. Шукаць нейкую лёгіку ў іх дзеяньнях – справа няўдзячная.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства