Баранавічы: талака каля Крыжа сталінскіх ахвяраў
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Баранавічаў 6 траўня арганізавалі талаку ў скверы на скрыжаванні вуліц Смаленская і Пірагова, дзе ў 1992 годзе быў усталяваны Крыж – знак памяці пра ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій 1939-1953 гг.
– Баранавіцкія сябры і прыхільнікі дэмакратычных партый і арганізацый узялі на сябе абавязак даглядаць памятную мясціну ў гэтым скверы. Тут заўсёды шмат не толькі мінакоў, але і маладзёнаў, якія любяць вабіць вольны час на свежым паветры, таму тэрыторыю парка трэба сістэматычна добраўпарадкоўваць. Сёння мы тут не толькі прыбралі тэрыторыю ад смецця, але і пасадзілі прыгожыя кветкі. Адначасова мы расказвалі прысутным у парку людзям, асабліва дзецям, гісторыю баранавіцкай турмы “Крывое кола”. Мінакі з цікавасцю і спачуваннем ўспрымалі інфармацыю, што ў турме “Крывое кола” былі замардаваны тысячы нявінных беларускіх грамадзян, – паведаміла грамадскі актывіст Галіна Ярашэвіч.
Адначасова дамовіліся правесці 22 траўня выяздную талаку па добраўпарадкаванні мілавідскіх помнікаў, прысвечаных паўстанцам Кастуся Каліноўскага.