viasna on patreon

Мясцовыя выбары і падзеі ва Украіне – лейтматыў салігорскіх медыяў у апошнія месяцы

2014 2014-04-20T12:42:36+0300 2014-04-20T12:42:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mass-media-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апошнія некалькі месяцаў салігорскія медыя не былі асабліва арыгінальнымі ў сваёй інфармацыйнай палітыцыі, значную частку якой заняло асвятленне выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы ды трагічныя падзеі ў суседняй Украіне. Зрэшты, акцэнты ды інфарматыўнасць пры асвятленні важных для грамадскасці тэм значна залежалі ад ступені падкантрольнасці СМІ уладам і маглі адрозніавацца кардынальна.

Найбольш актыўна пра важныя грамадска-палітычныя падзеі ў рэгіёне і паза яго межамі казалі незалежныя інтэрнэт рэсурсы САЛІГОРСК.org і Салігорск.інфа. Гэтыя сайты стала публікавалі сводкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пра ход выбарчай кампаніі ў рэгіёне ды Беларусі. Спробы дыскрэдэтацыі мясцовымі ўладамі незалежных назіральнікаў, маніпуляцыі з яўкай выбаршчыкаў, зацемкі пра даходы салігорскіх начальнікаў-кандыдатаў, сведчанні прымусу да датэрміновага галасавання, інфармацыя праваабаронцаў з выбарчых участкаў ды іншыя вострыя пытанні наўкол выбараў у мясцовыя Саветы не засталіся па-за ўвагай гэтых інфармацыйных рэсурсаў. Даведацца пра сітуацыю са свабодай мірных сходаў у рэгіёне, пра парушэнні заканадаўства і правоў салігорцаў мясцовымі чыноўнікамі, пра магчымасці па абароне правоў чалавека пры падтрымцы мясцовых праваабаронцаў можна хіба толькі на старонках гэтых сайтаў. Шмат увагі ў іх за мінулы перыяд надавалася таксама інфармаванню мясцовай грамадскасці пра падзеі вакол кіеўскага Еўрамайдана ды далейшую вайсковую інтервенцыю Расіі ва Украіне. Сайт САЛІГОРСК.org нават публікаваў некалькі арыгінальных рэпартажаў з месца падзеяў.

Абсалютна супрацьлеглую пазіцыю заняў іншы папулярны ў рэгіёне сайт Электронны Салігорск. Тут перманентна дублююцца зводкі расійскай прапаганды пра сітуацыю ва Украіне, а вось ход мясцовай выбарчай кампаніі засталася ў цені. Некалькі сціплых зацемак з афіцыйнымі звесткамі агульнага характару ды прыхаваныя спробы прывабіць салігорцаў да датэрміновага галасавання ці хоць бы ў дзень выбараў праз распаўсюд абвестак пра зніжкі ў гандлёвых кропках на выбарчых участках.

Дзяржаўны тэлеканал СТК і выканкамаўская газета “Шахцёр” вострыя мясцовыя праблемы імкнуліся наогул абмінаць. Выбары ў мясцовыя Саветы дэптутатаў асвятлялася імі досыць актыўна, але асноўная моц іх інфармацыйнай артылерыі была задзейнічана на забеспячэнне яўкі падчас датэрміновага галасавання. Зрэшты, акрамя сухіх афіцыйных зводак насельніцтва ад гэтых дзяржмедыяў змагло даведацца пра “імітацыйную гульню “Выбары” з навучэнцамі педкаледжу і нават “пачуць” незалежных назіральнікаў. Сітуацыя вакол украінскага пытання на Салігорскім тэлеканале атрымала свой каларыт. Нягледзячы на афіцыйна заключаную дамову з мясцовым грамадскім актывістам, Салігорскі тэлеканал у апошні момант адмовіўся віншаваць украінцаў "з хуткай вясной".

Агульную сітуацыю ў медыйнай прасторы Салігоршчыны мясцовыя прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэту характарэзуюць як стабільна цяжкую. Пэўныя змены на гэтай ніве ў лепшы бок напрыканцы мінулага года не атрымалі свайго далейшага развіцця. Больш за тое, праваабаронцы кажуць пра досыць нестабільную працу незалежных мясцовых медыяў у першым квартале гэтага года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства