viasna on patreon

Шклоўская раённая выбарчая камісія падманула Рыгора Кастусёва

2014 2014-03-12T17:51:56+0300 2014-03-12T17:51:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastusey-rygorr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У шклоўскай раённай газеце “Ударны фронт” ад 12 сакавіка так і не былі апублікаваны дадзеныя аб судзімасцях кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў.

Між тым, у сваім пісьмовым адказе на зварот у пракуратуру Шклоўскага раёна намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва аб парушэннях выбарчага заканадаўства, старшыня Шклоўскай раённай выбарчай камісіі А. Р. Гурынаў запэўніў заяўніка, што “звесткі аб судзімасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў будуць апублікаваны ў раённай газеце “Ударны фронт” ад 12.03.2014 №20”.

Рыгор Кастусёў 12 сакавіка 2014 года падаў паўторную заяву ў пракуратуру Шклоўскага раёна, у якой зноў звярнуў увагу на парушэнні выбарчага заканадаўства ў Шклоўскім раёне, а таксама паўторна папрасіў супрацоўнікаў пракуратуры Шклоўскага раёна патлумачыць, ці правамоцна пасаду старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў займае Міхаіл Паўловіч, які мае судзімасць.

“Я спецыяльна чакаў выхаду №20 газеты “Ударны фронт” ад 12 сакавіка, бо старшыня Шклоўскай раённай выбарчай камісіі А. Гурынаў пісьмова паабяцаў мне, што менавіта ў гэтым нумары апублікуюць дадзеныя пра судзімасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага райсавета, - распавядае Рыгор Кастусёў. – На маё вялікае здзіўленне, ніякай інфармацыі на гэты конт у гэтым нумары не аказалася. Я адразу ж наведаў Шклоўскую раённую выбарчую камісію, дзе паразмаўляў з яе старшынёй і намеснікам старшыні. Спадар Гурынаў патлумачыў мне, што ён зрабіў усё, што мог, падрыхтаваў неабходныя дадзеныя і перадаў іх у газету, аднак па незалежачым ад яго прычынам яны так і не былі надрукаваныя.

Паля гэтага я напісаў паўторную заяву ў пракуратуру Шклоўскага раёна, дзе паўторна звярнуў увагу яе супрацоўнікаў на парушэнні выбарчага заканадаўства ў Шклоўскім раёне. У заяве я папрасіў іх разабрацца, чаму інфармацыя наконт судзімасцяў кандыдатаў у дэпутаты так і не з’явілася ў газеце “Ударны фронт”. Таксама зноў папрасіў супрацоўнікаў пракуратуры даць пісьмовы адказ, на якіх падставах раней судзімы Міхаіл Паўловіч займае пасаду старшыні Шклоўскага райсавета, бо Шклоўская раённая выбарчая камісія адказала, што “пытанне знаходжання на пасадзе старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Паўловіча М. В. не з’яўляецца кампетэнцыяй Шклоўскай раённай выбарчай камісіі”. Сёння ж падаў і зарэгістраваў гэту заяву ў пракуратуры Шклоўскага раёна”.

Нагадаем, што 28 лютага Рыгор Кастусёў падаў заяву ў пракуратуру Шклоўскага раёна з патрабаваннем звярнуць увагу на парушэнні выбарчага заканадаўства пры апублікаванні звестак пра кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага райсавета ў раённай газеце “Ударны фронт”. Шклоўская раёнка праігнаравала беларускае выбарчае заканадаўства і не ўказала ўзровень прыбыткаў кандыдатаў у дэпутаты за мінулы год, а таксама наяўнасць у іх судовых пакаранняў. У прыватнасці, была не ўказана судзімасць у цяперашняга старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Паўловіча, таксама як і яго заробак.

7 сакавіка Рыгор Кастусёў атрымаў адразу два адказы на сваю скаргу ў пракуратуру Шклоўскага раёна – з пракуратуры і раённай выбарчай камісіі.

Пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі паведаміў Рыгору Кастусёву, што яго заява накіраваная для разгляду ў Шклоўскую раённую выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Шклоўскага раённага Савета 27 склікання.

У адказе з Шклоўскай раённай выбарчай камісіі за подпісам яе старшыні А. Гурынава паведамлялася, што “у адпаведнасці з артыкулам 68 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь рашэннем Шклоўскай раённай выбарчай камісіі ад 20.02.2014 №6-108 вызначаны спосаб інфармавання выбаршчыкаў аб даходах і маёмасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў – у агульных плакатах з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты.

Звесткі аб судзімасці кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў будуць апублікаваны ў раённай газеце “Ударны фронт” ад 12.03.2014 №20.

Пытанне знаходжання на пасадзе старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Паўловіча М. В. не з’яўляецца кампетэнцыяй Шклоўскай раённай выбарчай камісіі”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства