viasna on patreon

Жыхары аграгарадка змагаюцца за школу (копія звароту)

2014 2014-03-11T13:42:37+0300 2014-03-11T13:42:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mashchanica-shkola.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар аграгарадка Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна 11 сакавіка накіравалі калектыўны зварот на імя начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. У сваім звароце жыхары аграгарадка патрабуюць ад упраўлення адукацыі захаваць у Машчаніцы сярэднюю школу, якую мясцовыя ўлады без правядзення ўсялякага грамадскага абмеркавання збіраліся ператварыць у базавую.

Пад зваротам паставілі свае подпісы трыццаць два жыхары аграгарадка Вялікая Машчаніца.

Асабліва людзей абурае тое, што аддзел адукацыі Бялыніцкага райвыканкама спрабаваў правесці рашэнне аб ператварэнні Машчаніцкай сярэдняй школы негалосна, ні слова не сказаўшы пра гэта бацькам вучняў.

Распавядае жыхар аграгарадка Вялікая Машчаніца, незалежны журналіст Барыс Вырвіч.

“Літаральна напярэдадні прыняцця рашэння аб ператварэнні Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую я даведаўся ад настаўнікаў Машчаніцкай СШ, што на адным з бліжэйшых пасяджэнняў Бялыніцкага райвыканкама будзе разгледжана пытанне аб ператварэнні ДУА “Машчаніцкая сярэдняя школа” у базавую школу.

Я асабіста з’яўляюся бацькам аднаго з навучэнцаў Машчаніцкай СШ, у свой час сам атрымліваў сярэднюю адукацыю ў гэтай навучальнай установе, таму тое, што нашы мясцовыя раённыя ўлады, якія называюць сябе “народнымі”, хочуць значна панізіць статус школы без усялякага абмеркавання з жыхарамі аграгарадка Вялікая Машчаніца, не можа мяне не абураць.

Я адразу ж накіраваў зварот на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама Мікалая Кадаценкі, у якім папрасіў Бялыніцкі раённы выканаўчы камітэт не прымаць паспешлівых і неабдуманных рашэнняў, тым больш, што рашэнне аб ператварэнні Машчаніцкай СШ у базавую прымаецца без правядзення агульнага сходу бацькоў навучаюшчыхся ў школе вучняў і правядзення грамадскага абмеркавання. На маю думку, гэта сведчыць пра абсалютную непавагу з боку мясцовых органаў улады да пражываючых у аграгарадку Вялікая Машчаніца людзей.

Усваім звароце на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама Мікалая Кадаценкі Барыс Вырвіч, у прыватнасці, напісаў:

“У аграгарадку Вялікая Машчаніца пражывае шмат маладых сем’яў, якія выхоўваюць дастаковую колькасць дзяцей для забеспячэння нармальнага функцыянавання сярэдняй школы ў бліжэйшыя гады. Нагадаю таксама, што ў свой час раённыя ўлады ўжо прымалі рашэнне аб закрыцці дзіцячага садка ў аграгарадку Вялікая Машчаніца, які пасля зноў давялося адчыняць і пашыраць, бо значна павялічылася колькасць пражываючых у аграгарадку дзяцей.

Ператварэнне сярэдняй школы ў базавую адразу ж зробіць аграгарадок Вялікая Машчаніца неперспектыўным, таму, калі Вы сумленны чалавек, то павінны папярэджваць усіх маладых спецыялістаў аб тым, што ехаць жыць і працаваць у гэтую вёску няма ніякага сэнсу.

Каб не быць галаслоўным, прывяду дакладную цытату з абмеркавання ў парламенце Беларусі перспектыў развіцця сістэмы адукацыі ў нашай краіне.

“У Бялыніцкім раёне за апошнія 10 гадоў колькасць вучняў паменшылася ўдвая, і, як вынік, закрыліся 7 школ, што складае трэцюю частку. Калі тэндэнцыя захаваецца, то ў раёне застануцца ўсяго дзве сельскія школы, — паведаміла дырэктар сярэдняй школы №1 г.п. Бялынічы Таццяна БАЛДЫШЭЎСКАЯ. — Абвастрае праблему і дазвол адкрываць у сельскіх школах 10-11-я класы толькі пры ўмове наяўнасці ў іх не менш за пяць вучняў. Скарачаюцца класы, скарачаюцца працоўныя месцы, настаўнікам даводзіцца вырашаць, як ім дабірацца да новага месца працы. Таму і маладыя спецыялісты не замацоўваюцца на вёсцы. Больш за палову з іх звальняюцца, бо не бачаць для сябе перспектыў. Бацькі не могуць зразумець, чаму пры наяўнасці ў вёсцы школы дзяцей возяць у суседнюю.

У пэўнай ступені ўсё гэта вядзе да сацыяльнай напружанасці. Школа для жыхароў вёскі з’яўляецца адукацыйным і культурным цэнтрам, а разам з яе закрыццём вёскі губляюць адукацыйна-выхаваўчы асяродак. Да таго ж у сельскіх школах працуюць 88 аб’яднанняў па інтарэсах, якія ахопліваюць 95% дзяцей і дазваляюць школьнікам цікава арганізаваць свой вольны час і развіваць свае здольнасці”.

Думкі аб тым, што ў аграгарадку Вялікая Машчаніца павінна застацца сярэдняя школа, прытрымліваецца абсалютная большасць жыхароў гэтага населенага пункта. Калі Бялыніцкі райвыканкам усё ж прыме неабдуманае рашэнне аб ператварэнні ДУА “Машчаніцкая СШ” у базавую без усялякага грамадскага абмеркавання, я пакідаю за сабой права арганізаваць збор подпісаў пад калектыўным зваротам грамадзян у органы выканаўчай і заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь.

Таксама, у строгай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, на падставе артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь” мною будуць ініцыявана правядзенне масавых мерапрыемстваў з мэтай публічнага выяўлення пратэсту (з выкарыстаннем плакатаў і транспарантаў) супраць кулуарнага ператварэння Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую без усялякага грамадскага абмеркавання”.

“Наколькі я ведаю, пасля майго зварота на імя старшыні райвыканкама пытанне аб ператварэнні Машчаніцкай СШ у базавую было знята з павесткі дня райвыканкамаўскага паседжання, - кажа Барыс Вырвіч. – Аднак людзі непакояцца, што Бялыніцкі раённы аддзел адукацыі зноў паспрабуе “уціхую” правесці гэта рашэнне, таму буцькі вучняў самі напісалі калектыўны зварот на імя начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, дзе выказваюць пратэст супраць пераўтварэння Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую з прывядзеннем канкрэтнай аргументацыі. Ведаеце, мне асабіста вельмі прыкра, што мясцовая ўлада і аддзел адукацыі спрабуюць ператварыць школу ў базавую без усялякага грамадскага абмеркавання. У чарговы раз яны паказалі, што вяскоўцаў лічаць за людзей, якія павінны толькі працаваць, маўчаць і дзякаваць “мудрых чыноўнікаў” за іх клопат”.

Дарэчы, начальнік аддзела адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Лідзія Аляксандраўна Шчацінка ўзначальвае раённую арганізацыю РГА “Белая Русь”, а ўсе старшыні сельвыканкамаў у Бялыніцкім раёне з’яўляюцца сябрамі гэтай арганізацы.

Вось так “Белая Русь” падтрымлівае простых людзей…

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства