viasna on patreon

Таццяна Рэвяка абскарджвае забарону ўвозу кнігі “Асьвечаныя беларушчынай” у Гарадзенскім аблсудзе

2014 2014-03-07T09:13:17+0300 2014-03-07T09:15:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Рэвяка

Таццяна Рэвяка

Праваабаронца Таццяна Рэвяка падала касацыйную скаргу на рашэнне суда Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, які, прызнаўшы непрымальнай экспертызу кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”, кнігу ўсё ж забараніў.

Нагадаем, што рашэннем суда Ашмянскага раёна  ад 11 лютага 2014 года праваабаронцы было адмоўлена ў задавальненні скаргі на дзеянні Ашмянскай мытні.  Згодна з рашэннем гэтага органа, абгрунтаванага  высновамі двух мытных экспертыз, да 40 асобнікаў кнігі  “Асьвечаныя беларушчынай” павінна  быць ужыта працэдура рээкспарту ў Літву.

Таццяна Рэвяка звярнулася ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Гарадзенскага аблсуда, паколькі лічыць, што рашэнне суда цалкам незаконнае, неабгрунтаванае і падлягае адмене.

Судом было правільна ўстаноўлена, што мытная экспертыза праведзеная з парушэннямі нормаў Мытнага кодэкса Мытнага Саюза (МС). Разам з тым,  гэтыя заключэнні расцэненыя судом як афіцыйны дакумент і прынятыя як пісьмовае доказ.

“Такая выснова суда з'яўляецца памылковай, - лічыць Рэвяка,  паколькі супярэчыць нормам грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства: у адпаведнасці з артыкулам 193 ГПК Рэспублікі Беларусь, афіцыйныя дакументы выдаюць дзяржаўныя органы ў межах іх кампетэнцыі з захаваннем устаноўленых правілаў; калі афіцыйны дакумент аспрэчваецца бокам ці іншай, юрыдычна зацікаўленай у зыходзе справы асобай, службовыя асобы дзяржаўных органаў прадстаўляюць суду наяўныя ў іх доказы правамернасці выдачы дакумента і праўдзівасці яго зместу”.

Заключэнні, на якія спаслаўся суд, не з'яўляюцца афіцыйнымі дакументамі , паколькі  зробленыя не дзяржаўнымі органамі, а неіснуючым органам – “экспертнай камісіяй". Ні экспертная камісія, ні ўніверсітэт, работнікамі якога з'яўляліся члены камісіі, дзяржаўнымі органамі не з'яўляюцца.

 

Зыходзячы з гэтага Таццяна Рэвяка звяртаецца ў судовую калегію Гарадзенскага аблсуда, каб адмяніць рашэнне суда Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці ад 11 лютага 2014 года, якім было адмоўлена ў задавальненні скаргі на дзеянні Ашмянскай мытні і вынесці новае рашэнне, якім задаволіць заяўленыя патрабаванні.

Праваабаронца Таццяна Рэвяка падавала ў пазоў у суд Ашмянскага раёна з нагоды забароны мытнікаў на ўвоз на тэрыторыю Беларусі кнігі літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асьвечаныя Беларушчынай” Алеся Бяляцкага. Пасля дзвюх “экспертызаў” выдання мытнікі запатрабавалі ад Таццяны Рэвяка рээкспартаваць 40 асобнікаў, канфіскаваныя ў яе на беларуска-літоўскай мяжы, на тэрыторыю Літвы, дзе была выдадзеная кніга. Суддзя Таццяна Емельяновіч прызнала экспертызы па кнізе непрымальнымі, але прыняла іх да ўвагі як меркаванне спецыялістаў ды забараніла ўвоз кнігі ў Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства