Заўтра - суд па скарзе на ўнясенне сайта spring96.org у спіс абмежаванага доступу
Скарга намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” на рашэнне Генпракуратуры аб унясенні сайта spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў будзе разгледжаная ў судзе Цэнтральнага раёна Менска 18 лютага. Пачатак судовага паседжання – у 11-30.
Нагадаем, што Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ на свой зварот у Генеральную пракуратуру Беларусі, датаваны 10 снежня 2013 года, які тычыўся унясення сайта www.spring96.org ў спіс абмежаванага доступу. У прыватнасці, у адказе паведамляецца, што дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, за арганізацыю дзейнасці, або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжаная крымінальная адказнасць.
Далей Генеральная пракуратура паведамляла, што, “ў сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе www.spring96.org размяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеянні, забароненыя заканадаўствам, Генеральнай пракуратурай у жніўні 2011 г. вынесена пастанова аб уключэнні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнет-рэсурса ў спіс абмежаванага доступу, якая накіравана ў РУП “БелДІЭ” для выканання”.
Валянцін Стэфановіч лічыць, што згодна з арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмежаванне праваў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, і таму просіць суд прызнаць пастанову Генеральнай пракуратуры аб унясенні інтэрнет-рэсурса spring96.org ў спіс абмежаванага доступу неправамоцнай, парушаючай правы грамадзян і абавязаць Генпракуратуру скасаваць дапушчаныя парушэнні.
Раней Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Аператыўна-аналітычны цэнтр, які зацвярджаў пастанову аб абмежаванні доступу інтэрнэт-карыстальнікаў да асобных сайтаў, і ў РУП “БелДІЭ”, якое непасрэдна фарміруе спісы абмежаванага доступу. Але даведацца, хто стаў ініцыятарам унясення сайта spring96.org у гэты самы “чорны спіс”, у гэтах установах не атрымалася.