Ігар Пастноў атрымаў другое месца ў конкурсе на званне "Чалавека года Віцебска-2013"
Паводле вынікаў галасавання на сайце "Народныя Навіны Віцебска", 53% галасоў дасталося Уладзіславу Бліну, першаму біскупу Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла. Віцебскі "урач –праўдаруб" мае другое месца , набраўшы 28% галасоў.
Вынікі галасавання былі падведзены 5 лютага. Рэдактар сайта "Народныя Навіны Віцебска" Сяргей Серабро адзначае, што за кандыдатуру Уладзіслава Бліна прагаласавала шмат замежнікаў, а таксама салідарнасць у гэтым пытанні выказалі прадстаўнікі каталіцкай канфесіі. За часам біскупства Уладзіслава Бліна (ён быў прызначаны на гэтую пасаду 13 кастрычніка 1999г.) толькі ў Віцебску паўсталі тры новыя касцёлы. Па стане здароўя першы кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі быў вымушаны падаць у адстаўку, і 25 лютага Папа Рымскі Бенедыкт XVI задаволіў яго прашэнне.
За былога біскупа Віцебскай дыяцэзіі прагаласавалі 1194 чалавекі. Вядомы віцебскі доктар Ігар Пастноў набраў 636 галасоў. Усяго ў галасаванні ўзялі ўдзел 2265 чалавек — гэта рэкордная колькасць прагаласаваўшых за шэсць гадоў існавання намінацыі.
Ігар Пастноў стаў вядомай асобай як у Віцебску так і ва ўсёй Беларусі пасля таго, як трапіў пад ціск за свае крытычныя відэавыступы, дзе выказваў негатыўныя заўвагі на адрас кіраўніцтва вобласці за кепскі стан мясцовай сістэмы аховы здароўя. Сёлета ўлетку "урача- праўдаруба" пасля аднаго з такіх крытычных выступаў прымусова змясцілі ў псіхіятрычную лячэбніцу. Праваабаронцы заявілі пра парушэнні правоў Пастнова на абарону ў судзе і незалежны судовы разгляд. Бо суд Віцебскага раёну паводле звароту былых калег-урачоў санкцыянаваў прымусовае лячэнне для Ігара Пастнова ў ягоную адсутнасць на працэсе, не даўшы яму бараніцца ні самому, ні з дапамогай адваката, якога дапусцілі ў шпіталь толькі праз некалькі дзён пасля суду.
Пасля выпіскі са шпіталю Пастноў накіраваў заяву ў Канстытуцыйны суд, каб там далі ацэнку, ці не супярэчаць зместу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь асобныя палажэнні Закона "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі". Ігар Пастноў лічыць, што гэты закон антыканстытуцыйны, і што ён легітымізуе парушэнні правоў пацыента.
Урач Ігар Пастноў намінаваўся на званне "Чалавек года Віцебска" ужо другі год запар. У мінулым годзе ён быў на чацьвёртым месцы па выніках галасавання. Чытачы сайту "ННВ", галасуючы за асобу, якая "найбольш спрыяла гораду і яго вядомасці, а таксама фігуравала ў навінах выдання" летась надалі званне "Чалавек года Віцебска-2012" Любові Кавалёвай. Маці асуджанага за тэракт у мінскім метро і расстралянага ў сакавіку 2012 года Уладзіслава Кавалёва працягвае змагацца за гонар сына, якога лічыць несправядліва асуджаным і пакараным, яна выступае за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Камітэт па правах чалавека ААН вызначыў, што ў адносінах да яе сына былі парушаныя права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівае судовае разбіральніцтва, права перагляду судовага рашэння.