Віцебскі ўрач Ігар Пастноў лічыць, што закон аб псіхіятрычнай дапамозе супярэчыць Канстытуцыі
Ён накіраваў заяву ў Канстытуцыйны суд, каб там далі ацэнку, ці не супярэчаць зместу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь асобныя палажэнні Закона "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі". Ігар Пастноў лічыць, што гэты закон антыканстытуцыйны, і што ён легітымізуе парушэнні правоў пацыента.
У заяве ўсе высновы ўрач робіць на прыкладзе ўласнага досведу. Пасля крытычных выступаў у інтэрнэце і неаднаразовых папярэджанняў начальства за крытыку стану медустановаў і кіраўніцтва вобласці Ігара Пастнова змясцілі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Гэта адбылося з санкцыі суду, куды не дапусцілі ні самаго Пастнова, ні ягонага адваката. Зрэшты, на той час знайсці адваката ён проста не мог.
"Паводле дзеючага закона аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі, лекар мае права абмежаваць правы пацыента – забараніць перапіску, наведванні і гэтак далей. У такім становішчы я і апынуўся: мяне адрэзалі ад свету, увесь час паўтаралі, што я – адзін, што за мяне няма каму заступіцца. І я не ведаў, што тым часам за маё вызваленне змагаюцца праваабаронцы, палітыкі, журналісты. Да мяне далёка не адразу пусцілі нават адваката, а ў суд проста не павезлі, не даўшы нічога сказаць у сваю абарону".
Заяву ў Канстытуцыйны суд дапамог скласці віцебскі праваабаронца Петр Іваноў. Ён таксама лічыць, што ў закон "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі" вымагае зменаў:
"Закон гэты антыканстытуцыйны. Мы ведаем, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзянаў з'яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы, паводле часткі 1 артыкула 21 Канстытуцыі. Але гэтая вышэйшая мэта падмяняецца іншымі мэтамі. Ужо ў прэамбуле сказана: "Гэты закон накіраваны на вызначэнне прававых і арганізацыйных асноваў дзяржаўнага рэгулявання ў галіне аказання псыхіятрычнай дапамогі, а таксама на забеспячэнне выканання правоў пацыента". Атрымліваецца, спачатку дзяржаўнае рэгуляванне, а потым правы чалавека. Гэта – падстава для ўжывання карнай псіхіятрыі".
Ігар Пастноў, які сам працуе псіхіятрам-нарколагам у віцебскім псіхіятрычным дыспансеры, катэгарычна супраць таго, каб пацыент цалкам залежаў ад урача:
"Урач можа ізаляваць пацыента ад свету, і той не звяжацца з адвакатам, не зможа распавесці пра здзекі і гвалт. Ну, і ўрачы – гэта ж таксама людзі, са сваімі чалавечымі слабасцямі. І гэты закон - глеба для злоўжыванняў. Бо ў "псіхушку" можна трапіць не за крытыку ўладаў, а ў выніку нейкіх кватэрных ці грашовых махінацый. На ўрача можна "націснуць зверху" ці падкупіць – урачы ж атрымліваюць мала, раптам нехта і спакусіцца… Так што недапушчальна, каб лёс пацыента вырашаўся аднаасобна ягоным урачом, як гэта дазваляе 40 артыкул закона".
Спадар Пастноў кажа, што псіхіятрычным лячэннем яго не запалохалі, што ён па-ранейшаму гатовы крытыкаваць недахопы, якія бачыць. Але ён распавёў, што апошнія прэтэнзіі кіраўніцтва ўстановы, дзе ён працуе, ужо не тычацца крытычных выступаў:
"Пасля таго, як я распавёў журналістам, што раблю ўколы Сяргею Рыжову, мяне папярэдзілі пра недапушчальнасць аказання паслугаў без ліцэнзіі. Але ж гэта не паслугі, я раблю гэта бясплатна, бо гэта мой абавязак – дапамагчы хвораму. 16 лістапада Сяргея Рыжова забралі ў выцвярэзнік. Ён кажа, што яго там збівалі, і я сам бачыў сляды. Да ўсяго, Рыжоў хворы на гепатыт, а ў яго не ўзялі нават аналіз крыві, не праверылі стан унутраных органаў, калі ён звярнуўся да лекараў са скаргамі на пагаршэнне здароўя пасля знаходжання ў выцвярэзніку. Вось з такімі рэчамі трэба разбірацца Следчаму камітэту, а не ўпікаць мяне за медычную дапамогу без ліцэнзіі".
Рыжоў быў даверанай асобай Пастнова, пакуль той знаходзіўся ў псіхіятрычным шпіталі. І цяпер Ігар Пастноў не выключае, што гэта стала прычынай пільнага інтарэсу да Рыжова з боку праваахоўных органаў. Віцебскі ўрач не згодны пастаўленым яму дыягназам "разладжанне асобы", ён упэўнены, што гэта помста за крытыку і хоча дамагчыся незалежнага асведчання і адмены пастановы суду пра прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.