Ігар Пастноў падаў заяву ў суд за абразу гонару і годнасці
Ён лічыць, што Кастрычніцкая раённая адміністрацыя абразіла яго, забараніўшы праводзіць пікет супраць міліцэйскага гвалту. Віцебскі "ўрач-праўдаруб" абвясціў, што хоча спагнаць з чыноўнікаў тры тысячы еўра за маральную шкоду, і ў выпадку перамогі ў судзе абяцае перадаць гэтыя грошы дзіцячаму дому.
Пра ўсё гэта, а таксама пра нізкія заробкі ўрачоў як вялікую дзяржаўную праблему віцебскі ўрач разважае ў чарговым відэазвароце. 10-хвілінны відэазварот Ігара Пастнова змешчаны на інтэрнэт-сервісе youtube.com.
На пачатку "ўрач-праўдаруб" гаворыць пра сітуацыю ў віцебскім клінічным шпіталі, дзе незадаволены заробкамі тамтэйшы сярэдні і малодшы медыцынскі персанал звярнуўся з калектыўным лістом у галіновы прафсаюз. Ігар Пастноў кажа, што таксама гатовы бараніць інтарэсы калег: ён абвяргае кіраўніцтва і прафкам шпіталю, якія ў размове з карэспандэнтам tut.by казалі, што людзі ў гэтай установе зарабляюць вельмі прыстойна. Маўляў, сярэдні медычны персанал меў летась заробак памерам больш за 4 мільёны, а малодшы -- у сярэднім атрымліваў пад два з паловай мільёны рублёў.
Урачы, паводле кіраўніцтва шпіталю, увогуле атрымліваюць больш за 7 мільёнаў у сярэднім. У адказ Ігар Пастноў прадэманстраваў уласны "квіток" на заробак: там пазначана лічба 2 мільёны 413 тысяч рублёў. Ён працуе ў іншай медычнай установе, але карціна, як ён лічыць, паўсюль аднолькавая.
Ігар Пастноў заклікае не хаваць негатыўных фактаў і разважаць пра іх адкрыта. Да спробаў прыхаваць сапраўдны стан рэчаў ён адносіць і забарону на пікет супраць міліцэйскага гвалту, які віцебскі "урач-праўдаруб" планаваў правесці ў студзені. Пастноў лічыць, што выпадкі неапраўданай жорсткасці з боку міліцыянтаў пачасціліся , і таму ёсць патрэба перагляду кадравага складу, каб выдаліць з міліцэйскіх шэрагаў супрацоўнікаў, схільных да гвалту і садызму.
Апрача гэтага, акцыя задумвалася Ігарам Пастновым як пікет-рэквіем у памяць пра тых, хто стаўся ахвярай жорсткага абыходжання міліцыянтаў. Аднак правесці імпрэзу Пастнову не дазволілі. Ён упэўнены, што гэтая забарона – парушэнне ягоных грамадзянскіх правоў. А таксама – абраза, бо яму не дазволілі ўшанаваць памяць знаёмых, якія сталі ахвярамі міліцэйскай жорсткасці. Таму ён падаў заяву ў Кастрычніцкі райсуд супраць адміністрацыі Кастрычніцкага раёну.
"Заяву мне дапамагаў скласці паваабаронца Пётр Іваноў. А патрабаванне маё такое: я хачу спагнаць 3 тысячы еўра з тых, хто нанёс мне абразу. І я перад усімі абяцаю: калі гэтыя грошы мне ўдасца адсудзіць, я перадам іх дзіцячаму дому,"—кажа Ігар Пастноў.
"Урач-праўдаруб" ужо не аднойчы крытыкаваў улады і кіраўніцтва медычнай галіны ў сваіх відэавыступах. Пасля аднаго з іх у жніўні мінулага году яго гвалтам накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, але Ігара Пастнова гэта не спалохала. Ён хоча дамагчыся незалежнага псіхіятрычнага асведчання і адмены дыягназу, а таксама змагаецца за змены ў дзеючым "Законе аб псіхіятрычнай дапамозе". Паводле ягонага меркавання, гэты закон стварае глебу для прымянення "карнай псіхіятрыі" ў якасці сродку барацьбы з іншадумствам.
Рэдакцыя сайта "Народныя Навіны Віцебска" вылучыла Ігара Пастнова ў кандыдаты на званне "Чалавек году Віцебска 2013". На сайце йдзе галасаванне, і віцебскі ўрач ужо некалькі тыдняў "трымае" другое месца ў рэйтынгу.