У Віцебску забаранілі пікет супраць міліцэйскага гвалту
12 студзеня такую акцыю хацеў правесці "урач-праўдаруб" Ігар Пастноў. Ён лічыць, што праблема наяўнасці ў міліцы супрацоўнікаў, схільных да гвалту і садызму, сёння вельмі актуальная. Але ягоную заяўку на пікет не задаволіла адміністрацыя Кастрычніцкага раёну.
Прычыны забароны акцыі – адсутнасць дамоў з медыкамі, міліцыяй і службамі ЖКГ. Наяўнасць такіх дамоў абавязковая для арганізатараў масавых акцый, калі яны праходзяць па ініцыятыве грамадзян. Гэтае патрабаванне рэгламентавана рашэннем №881 Віцебскага гарвыканкаму. І выканаць яго практычна немагчыма, бо адказныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы, пакуль няма дазволу на акцыю ад уладаў. Таму за апошнія 4 гады ў Віцебску не дазволена ніводнай акцыі з усіх, ініцыяваных грамадзянамі і грамадскімі актывістамі.
Ігар Пастноў, які збіраўся правесці аднаасобную маўклівую акцыю ў месцы, адмыслова вызначаным для гэтага ўладамі, лічыць забарону несправядлівай. Ён медык, і заключаць нейкія дадатковыя дамовы з медслужбамі лічыць немэтазгодным. Забруджваць тэрыторыю падчас пікета-рэквіема па ахвярах міліцэйскага гвалту ён не збіраўся. А наяўнасць міліцыі на гэтай акцыі, па ягоным меркаванні, і так абавязковая. Па-першае, пікет ён збіраўся праводзіць 12 студзеня, у выходны дзень у месцы масавага адпачынку гараджан, дзе і так мусяць дзяжурыць міліцэйскія патрулі. Па-другое, сама мэта пікету – пратэст супраць міліцэйскага гвалту, павінна быць актуальнай і для ўсяго міліцэйскага кіраўніцтва, і для шэраговых супрацоўнікаў, якім варта было б падтрымаць прапанову "чысткі" кадравага складу ад асоб, схільных да садызму і гвалту.
Свае меркаванні пра забарону акцыі Ігар Пастноў агучыў у сваім чарговым відэазвароце.
Там ён прыгадвае і факты міліцэйскага гвалту, які каштавалі здароўя і нават жыцця асобным грамадзянам, жыхарам Віцебска.
Відэазварот "урача-праўдаруба", якога гэтым летам гвалтам накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне пасля чарговага крытычнага выступу пра кепскі стан медычных устаноў горада, размешчаны і на сайце "Народныя Навіны Віцебска". З 4 студзеня тут праводзіцца галасаванне за намінантаў на званне "Чалавек года Віцебска-2014", сярод якіх – і Ігар Пастноў. Пасля Уладзіслава Бліна, першага біскупа Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла, які ў лютым 2013 г. пакінуў гэтую пасаду з прычыны кепскага стану здароўя, Ігар Пастноў мае другое месца ў рэйтынгу. Яго кандыдатуру падтрымалі (паводле звестак на 11 гадзін 11 студзеня ) 24% з ліку ўсіх удзельнікаў галасавання.