viasna on patreon

Каб атрымаць дазвол, заяўкі на пікеты ў Віцебску цяпер падаюць больш як за 2 месяцы

2014 2014-01-16T14:25:12+0300 2014-01-16T14:25:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/b-gaurucikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат Аляксей Гаўруцікаў

Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат Аляксей Гаўруцікаў

За гэты час актывісты разлічваюць ініцыяваць судовыя працэсы, калі атрымаюць адмовы. І ў выпадку перамогі ў судзе паспець падаць заяўкі яшчэ раз. Пра такую складаную стратэгію распавёў Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада"

За два апошнія дні віцебскія актывісты падалі заяўкі адразу на некалькі акцый. Старшыня гарадской арганізацыі Партыі БНФ замовіў пікет у День Канстытуцыі 15 сакавіка і мітынг у Дзень Волі 25 сакавіка. Імпрэзы ён хоча правесці ў парку Мазурына – на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну.

У парку імя 30-годдзя ВЛКСМ хацелі б правесці падобныя імпрэзы каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў. Яны таксама хочуць правесці пікет у дзень Канстытуцыі і мітынг у Дзень Волі. Заяўкі пададзены ў Першамайскую раённую адміністрацыю, з якой, у выпадку адмовы, і давядзецца судзіцца, кажа Аляксей Гаўруцікаў.

"Стратэгія такая: мы падаем заяўкі, а з імі – копіі лістоў з запытамі наконт заключэння дамоваў на абслугоўванне акцый, накіраваных у службу ЖКГ, абласную ўправу МУС і ў цэнтральную гарадскую паліклініку. Гэтыя структуры згадваюцца ў рашэнні гарвыканкаму №881 аб парадку арганізацыі масавых акцый. У гэтым рашэнні напісана, што дамовы мы мусім заключаць адразу, да падачы заявак. Але не было ніводнага разу, каб гэтыя службы пагадзіліся заключыць дамовы – апрача камунальнікаў. Медыкі звычайна дасылаюць нам адпіскі, нават без указання прычын. А ў міліцыі свае рэзоны: яны ігнаруюць рашэнне выканкаму і дзейнічаюць паводле закону аб масавых акцыях – пішуць, што дамовы заключаць толькі тады, калі будзе дазвол ад раённай адміністрацыі. Калі гэткая сітуацыя паўторыцца, то праз 15 дзён мы атрымаем чарговую адмову ад раённых уладаў".

Далей, паводле Аляксея Гаўруцікава, актывісты пададуць заяву, каб суд змусіў управу МУС і цэнтральную паліклініку да заключэння дамоў. Гэтая працэдура зойме прыкладна 30 дзён. І калі суд вырашыць пытанне на іхную карысць, у актывістаў яшчэ застанецца час, каб падаць заяўкі паўторна, ужо з дамовамі.

Іншага шляху, каб атрымаць дазвол, віцебскія актывісты не бачаць. Ім трэба нейкім чынам дамагчыся, каб адказныя структуры не стваралі перашкодаў для выканання рашэння гарвыканкаму. Хаця гэтае рашэнне яны лічаць вельмі недасканалым: за чатыры мінулыя гады ніводнай акцыі віцебскім апазіцыянерам правесці так і не ўдалося - і менавіта праз тое, што ўмовы гэтага рашэння выканаць немагчыма.

Праўда, і звароты ў суды не дапамагалі. Так, летась, А.Гаўруцікаў і Х.Жаляпаў ужо спрабавалі змусіць праз суд да заключэння дамоваў медыкаў і міліцыю. Аднак у Кастрычніцкім райсудзе ім было заяўлена, што змусіць адпаведныя арганізацыі да заключэння дамоў нельга – бо яны не займаюцца выключна продажам сваіх паслуг насельніцтву. Тады актывісты вырашылі пайсці іншым шляхам: прыцягнуць да судовай адказнасці кіраўнікоў устаноў, якія адмовіліся з імі супрацоўнічаць. І тады ў Кастрычніцкім райсудзе занялі каардынальна іншую пазіцыю: суддзя Алена Папкова не задаволіла скаргу такога зместу і параіла звяртацца ў суд з просьбай змусіць да заключэння дамоваў. Давялося звяртацца ў абласны суд, каб дамагчыся ўцямнага адказу, якія скаргі суддзі ўсё ж могуць задаволіць….

Знайсці шлях да вырашэння праблемы – магчымасці рэалізаваць сваё права на арганізацыю масавых акцый – віцебскія актывісты спрабуюць з 2009 года, калі былі прынята рашэнне №881. Змяніць яго, каб зрабіць выканальным на практыцы, гарвыканкам ні за што не пагаджаецца: адтуль прыходзяць адказы, што рашэнне прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства