Суд пацвердзіў, што рашэнне віцебскага гарвыканкаму невыканальнае
Віцебскія актывісты ўжо каторы раз спрабавалі выканаць рашэнне гарвыканкаму "Аб правядзенні масавых мерапрыемствах у г.Віцебску". Згодна з ім, заяўнікі масавых акцый мусяць заключыць дамовы на абслугоўванне з ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй. Але гэтыя структуры адмаўляюцца супрацоўнічаць з апазіцыянерамі, і Кастрычніцкі райсуд пацвердзіў: рашэнне гарвыканкаму дазваляе дзяржаўным структурам ухіліцца ад дамоваў.
Суддзя Кастрычніцкага райсуду Ігар Рымша вырашыў пакінуць без задавальнення скаргу Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка абласной структуры руху "За Свабоду" – той звярнуўся ў суд, каб змусіць цэнтральную гарадскую паліклініку заключыць дамовы на абслугоўванне мітынгу 25 сакавіка.
Галоўурач медычнай установы спаслаўся на загружанасць урачоў "падчас піку сезонных захворванняў", і адмовіў заяўнікам мітынгу. Гэта і стала прычынай звароту ў суд. Працэс паводле скаргі Хрыстафора Жаляпава ішоў два дні, і 14 сакавіка было агучана рашэнне.
Актывістам было заяўлена, што нязгода заключыць з імі дамову на абслугоўванне – гэта права адміністрацыі дзяржаўных установаў.
"А як нашы правы, гарантаваныя артыкулам №35 Канстытуцыі? Пра тое, што грамадзяне маюць права на правядзенне масавых акцыя? Атрымліваецца, што гарвыанкам патрабуе ад нас дамоваў, заяўнікі масавых імпрэзаў мусяць іх прадаставіць, але дзяржаўных установаў рашэннеўладаў нібыта і не тычыцца. Мы - абавязаныя, а яны – не. Суд вырашыў, што ад іх нельга патрабаваць выканання рашэння гарвыканкаму, бо там не напісана "установы абавязаныя"… Значыць, гэтае рашэнне складзена такім чынам, што парушаюцца нашыя правы", -- кажа Хрыстафор Жаляпаў.
Аляксей Гаўруцікаў, другі заяўнік мітынгу, замоўленага на 25 сакавіка ў Парку 30-годдзя ВЛКСМ, называе судовае рашэнне "падарункам" да Дня Канстытуцыі:
"Якраз 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, суд агучыў рашэнне, згодна з якім нашыя правы парушаюцца на законнай падставе. Рашэнне гарваканкаму №881 "Аб правядзенні масавых акцыі у г.Віцебску" абмяжоўвае нашы правы, бо яго немагчыма выканаць. Ужо тры гады мы спрабуем атрымаць дазвол на акцыі, але нам яго не даюць, бо мы не можам дамовіцца то з міліцыяй, то з медыкамі. Нам адмаўляюць па самых розных, часам смешных прычынах, а цяпер яшчэ і суд заявіў, што адмаўляць нам могуць бясконца… Што застаецца? Будзем збіраць дакументы, каб змусіць гарвыканкам унесці змены ва ўласнае рашэнне".
Спробы патрабаваць зменаў у рашэнні №881 ужо прадпрымаліся. Але з гарвыканкаму прыходзілі адказы, што гэты дакумент прайшоў юрыдычную экспертызу і ўнесены ў рэестр дзяржаўных актыў, -- значыць, ён складзены бездакорна. Цяпер актывісты хочуць сабраць дакументы, якія сведчаць пра парушэнне іх правоў, і накіраваць іх у Камітэт па правах чалавека ААН.
Віцебскія чыноўнікі не толькі прынялі невыканальнае рашэнне. Яны самі парушылі заканадаўства аб масавых акцыях. І некаторых іншых гарадах мясцовыя ўлады спачатку вырашаюць, ці дазволіць масавае мерапрыемства, а толькі потым патрабуюць дамоваў на абслугоўванне. А Віцебскі гарвыканкам вырашыў стварыць штучныя перашкоды, каб зрабіць правядзенне масавых немагчымым у прынцыпе.