Ігар Пастноў падаў скаргу ў Вярхоўны суд
Віцебскі ўрач спрабуе аспрэчыць рашэнне суду Віцебскага раёну, дзе ў ягоную адсутнасць і ў адсутнасць адваката была прынята пастанова пра прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Звароты ў абласны суд і да старшыні абласнога суду не дапамаглі: парушэнняў закону там не ўбачылі.
Ігар Пастноў распавёў, што скаргу яму дапамог скласці віцебскі праваабаронца Пётр Іваноў. І што ў скарзе згадана, як падчас знаходжання ў віцебскім абласным псіхіятрычным шпіталі яго трымалі ў ізаляцыі: былі забаронены наведванні, перапіска і нават тэлефанаванні. Праз гэта ён не мог ні паведаміць сябрам праз судовы працэс, ні нават звязацца з адвакатам, каб той прадстаўляў ягоныя інтарэсы. Не прывезлі на працэс ў Віцебскі райсуд і самога пацыента. Усё гэта Ігар Пастноў лічыць парушэннямі сваіх правоў, а таму прапануе неадкладна ўнесці змены ў закон «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі»:
"Гэта не проста парушэнні – гэта парушэнні ўзаконеныя. Я лічу неабходным змяніць наяўны закон аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі, бо ён дае ўрачам неабмежаваную ўладу над пацыентам. Па распараджэнні аднаго толькі ўрача пацыента могуць ізаляваць – забараніць яму перапіску, усе зносіны, у тым ліку і па тэлефоне. Ён не зможа ні паскардзіцца на катаванні, на здзекі, ні нават звязацца з адвакатам, як гэта адбылося ў маім выпадку".
Ігар Пастноў трапіў у псіхіятрычны шпіталь неўзабаве пасля свайго чарговага крытычнага выступу. У распаўсюджаным праз інтэрнэт відэазвароце ён раскрытыкаваў дзейнасць медычных установаў, і ў прыватнасці, цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, дзе працаваў урачом-нарколагам. Пастноў разважаў пра марнаванне бюджэтных сродкаў на кадзіраванне ад алкагалізму за дзяржаўны кошт, пра бядотны стан віцебскіх шпіталяў, якія гадамі не рамантуюцца. За гэта кіраўніцтва цэнтру псіхіятрыі і наркалігіі ўпікала яго як за "неэтычныя паводзіны". А таксама пагражала прымусовым змяшчэннем на псіхіятрычнае лячэнне. Урэшце так і здарылася: 16 жніўня Ігара Пастнова проста з працы забралі ў псіхіятрычнае аддзяленне, а 23 жніўня суд санкцыяваў для яго прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
Урач Пастноў не згодны з пастаўленым яму псіхіятрычным дыягназам "расстройства асобы паводле параноіднага тыпу". Ён хацеў бы незалежнага асведчання ў іншых адмыслоўцаў, а не ў сваіх віцебскіх калег. Ён перакананы, што на яго прыкладзе былі ўжытыя прынцыпы карнай псіхіятрыі – вядомага яшчэ з савецкіх часоў сродку барацьбы з іншадумствам:
"Пад такі дыягназ можна падвесці ўсё што заўгодна. Бачыш недахопы навокал – значыць, у цябе параноя, лічыш, што трапіў у псіхушку за крытыку – значыць, у цябе манія пераследу, крытыкуеш старшыню аблвыканкама ці сваё начальства – значыць, у цябе завышаная самаацэнка… І гэтак далей і далей! І ўсё гэта – падставы для змяшчэння ў шпіталь з "абвастрэннем хваробы". І на тым самым ложку ў псіхушцы, дзе пабываў я, можа апынуцца кожны – палітык, праваабаронца, журналіст. Або звычайны чалавек, якога нехта захоча абвясціць недзеяздольным з карыслівымі мэтамі. Таму я і спрабую бараніць свае парушаныя правы, каб усе ведалі: мяне застрашыць не ўдалося. Але не хачу, каб гэткімі самымі метадамі страшылі іншых".