viasna on patreon

Віцебскія актывісты звярнуліся ў абласны суд з нявырашаным пытаннем пра пікеты

2013 2013-12-09T10:15:54+0300 2013-12-09T10:15:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/victbsk-ablasny-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У абласны суд пададзены дзве прыватныя скаргі, дзе апісаны выпадкі, калі раённы суд не дапамог вырашыць пытанні, звязаныя з арганізацыяй пікетаў. Больш таго – суддзі Кастрычніцкага райсуду супярэчаць адно аднаму ў сваіх высновах. Актывісты спрабуюць дамагчыся ўцямнага адказу ад абласнога суду, якім чынам можна ў рэальнасці выканаць рашэнне гарвыканкаму "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску”.

Ужо амаль 4 гады, як у абласным цэнтры не дазволена ніводнай масавай акцыі па ініцыятыве мясцовых дэмакратычных сілаў. Адмовы раённых адміністрацый грунтуюцца на рашэнні гарвыканкама №881, згодна з якім ад арганізатараў разам з заяўкай на мерапрыемстваў патрабуюць і дамовы на абслугоўванне імпрэзаў службамі ЖКГ, міліцыяй і цэнтральнай гарадской паліклінікай.

"Але апошнія дзве структуры – паліклініка і абласная ўправа МУС – не пагаджаюцца на заключэння дамоваў. Управа МУС паведамляе, што будзе заключаць дамовы толькі пасля дазволу выканкаму, хаця тыя патрабуюць адваротнага парадку. Медыкі спасылаюцца на самыя разнастайныя прычыны – ад сезонных захворванняў да недахопу брыгад хуткай дапамогі, прычым незалежна ад пары году і дня тыдня. Ніводнага разу за амаль 4 гады мы так і не змаглі заключыць дамову на медычнае абслугоўванне", -- аспавядае Аляксей Гаўруцікаў, актывіст па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада".

Пасля апошняй забароны на правядзенне пікету ў Дзень правоў чалавека актывісты вырашылі падаць у суд скаргі на дзеянні службовых асобаў – кіраўнікоў установаў, якія не пагадзіліся заключаць дамовы на абслугоўванне акцый. Аднак суддзя Кастрычніцкага райсуду Алена Папкова адмовілася распачынаць справы па адміністрацыйна-прававых адносінах: яна вынесла азначэнне, што актывістам варта звяртацца ў суд на іншых падставах. А менавіта – прасіць суд змусіць арганізацыі да заключэння дамоваў.

"Гэтым шляхам мы ўжо хадзілі ўвесну, і нам патлумачылі, што суд не можа змусіць да заключэння дамоваў ні медыкаў, ні міліцыю! Таму мы сабралі разам пастановы судоў з супрацьлеглымі высновамі ды накіравалі ўсё гэта ў абласны суд. Няхай там падумаюць і адкажуць: катораму суддзі мы мусім верыць, і якім чынам скардзіцца ў суд, калі з намі не заключаюць дамовы, а мы не можам праз гэта рэалізаваць сваё права на арганізацыю масавых акцый," – кажа А.Гаўруцікаў.  

Яшчэ ўвесну гэтага году спадар Гаўруцікаў разам з каардынатарам Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафорам Жаляпавым спрабавалі названыя вышэй структуры змусіць да заключэння дамоваў праз суд.15 сакавіка суддзя Кастрычніцкага райсуду Ігар Рымша вырашыў, што прымусіць гарадскую паліклініку заключыць дамову немагчыма, і што нязгода заключыць дамову на абслугоўванне – гэта права адміністрацыі дзяржаўных установаў. Хаця яны дакладна пералічаны ў рашэнні гавыканкаму №881 у якасці адказных за абслугоўванне масавых акцый.

Звяртаючыся ў абласны суд, актывісты спрабуюць абскардзіць дзеянні адказных асобаў наконт незаключэння дамоваў на абслугоўванне акцый. Хаця, па вялікім рахунку, справа ў чыноўніках: прыняўшы рашэнне №881, віцебскі гарвыканкам зрабіў немагчымым выкананне закону аб арганізацыі вулічных мерапрыемстваў. Ён паставіў жыхароў Віцебску ў такія ўмовы, што яны не могуць выканаць і рашэнне мясцовых уладаў, і скарыстацца сваім правам на публічнае выказванне думак і меркаванняў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства