Бабруйск: Дзень інвалідаў -- у непрыступным для вазочнікаў будынку (фота)
Дабрачынны канцэрт, які плануецца ў Бабруйску 3 снежня да Міжнароднага дня інвалідаў, зноў пройдзе ў Палацы мастацтваў. Між тым, гэты будынак – сапраўдная непрыступная крэпасць для вазочнікаў. Ім трэба пераадолець шэраг прыступак, каб дабрацца да ўваходу, яшчэ прыступкі – каб патрапіць на другі паверх, дзе знаходзіцца глядацкая зала.
Таму патрапіць на мерапрыемствы ў Палац мастацтваў вазочнікі могуць толькі з дапамогай валанцёра, нават маючы самыя сучасныя электравазкі.
Валанцёр мусіць на руках уцягнуць цябе спачатку праз гэтыя прыступкі ў будынак, а там яшчэ і на другі паверх. Таму мала хто з вазочнікаў адважваецца туды пайсці, - дзеліцца ўражаннямі ад мінулагодняга наведвання Палаца мастацтваў вазочніца Наталля Пінькоўская.
У гэтым годзе арганізатары паабяцалі, што дабрачынны канцэрт і выстава пройдуць на першым паверсе Палаца мастацтваў. То бок, валанцёрам давядзецца пранесці вазочнікаў на руках праз прыступкі на ўдвая меншую адлегласць. Але ўсё ж давядзецца.
Сацыяльны цэнтр Першамайскага раёна забяспечыць нас валанцёрамі, таму я змагу патрапіць на дабрачынны кацэрт, - кажа Наталля Пінькоўская. - Але вось мая сяброўка з Ленінскага раёна наўрад ці зможа яго наведаць, ёй параілі самой шукаць валанцёра, бо ў іх саццэнтры валанцёры “не прадугледжаныя”. Атрымліваецца, гэта свята толькі для інвалідаў, якія могуць хадзіць. То можа вазочнікаў і зусім выключыць з сацыяльных цэнтраў, бо з імі надта шмат праблем? Прадстаўнікі гэтых служб больш любяць расказваць пра сваю працу з “хадзячымі”, колькі святаў для іх правялі, колькі паездак зладзілі…