viasna on patreon

Пікет забаранілі па адной прычыне, а ў судзе назвалі іншую

2013 2013-11-25T21:18:54+0300 2013-11-25T21:18:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lupach-zmicer-glybokae.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Лупач

Зміцер Лупач

Зміцер Лупач (на фота), актывіст з Глыбокага, спрабаваў праз суд аспрэчыць забарону пікету салідарнасці з палітвязнямі. Раённыя ўлады забаранілі пікет, бо ў райцэнтры змяніліся месцы для правядзення масавых акцый. Так было напісана ў афіцыйным лісце з выканкаму. Але ў судзе раптам "усплыла" іншая прычына, паводле якой забарона ўладаў была прызнана законнай.

Прычыну, агучаную сёння ў судзе, можна было б своечасова вырашыць, гаворыць Зміцер Лупач:

"Заяўку на 23 лістапада мы падавалі за паўтары месяцы да гэтай даты. Але ў лісце за подпісам старшыні райвыканкаму А.Морхата было напісана, што акцыю забараняюць, бо выканкам вызначыў іншыя месцы для пікетаў і мітынгаў. Гэтая адмова незаконная: калі старшыня райвыканкаму піша, што новае рашэнне ўладаў праходзіць юрыдычную экспертызу і рэгістрацыю, то павінна дзейнічаць старое рашэнне, якога ніхто не адмяняў. Пра гэта я і пісаў у скарзе ў суд. Заяўляў, што правы грамадзянаў на публічнае выказванне меркаванняў парушаны, бо не можа быць ніякага "перапынку" паміж дзеяннем старога і новага рашэнняў".

У судзе, апавядае актывіст, прадстаўніца юрыдычнага аддзелу райвыканкама спачатку доўга тлумачыла, чаму ўвогуле паўстала пытанне пра змену месцаў для масавых акцый. Аказваецца, там, дзе яшчэ можна было пікетаваць у 2012 годзе, цяпер стала цесна: ДАІ папрасіла вызваліць месца для машын, якія прыязжаюць на тэхагляд.

Але з гэтым ніхто і не спрачаецца, кажа глыбоцкі актывіст:

"Месца, прапанаванае ўладамі цяпер, ніколькі не горшае. Але потым прадстаўніца выканкаму раптам успомніла, што я не падаў разам з заяўкай дамовы на абслугоўванне акцыі. Дык чаго ж тады адмаўлялі на іншай падставе? Каб не гэтая блытаніна з рашэннямі, старымі і новымі, мы б усё паспелі! Паводле закону аб масавых акцыях так яно і мусіла б быць: улады даюць дазвол, і тады арганізатары заключаюць дамовы. А нам адразу – забарону, прычым на незаконнай падставе. Такое ўражанне, што ў выканкаме не ведаюць заканадаўства і не хочуць яго выконваць".

Ускосным пацьвярджэннем гэтага Зьміцер Лупач лічыць наступныя факты. Толькі ў судзе ён даведаўся, што новае рашэнне выканкаму ўжо зацверджана і з 1 лістапада ўжо дзейнічае. Раённая газета "Веснік Глыбоччыны" пра гэта не паведамляла, а на сайце "раёнкі" рубрыка "Нарматыўныя прававыя акты" не працуе ўвогуле. На абласным сайце цэнтру прававой інфармацыі ужо не першы дзень вядуцца нейкія "тэхнічныя працы". Сайт райвыканкаму толькі паведамляе, што ў ранейшае рашэнне пра масавыя акцыі ўнесены змены, якія пачынаюць дзейнічаць з дня апублікавання. Публікаваліся яны толькі на партале www.pravo.by, аднак нават гэтага глыбачанам ніхто не тлумачыць.

"Апошні пікет ў Глыбокім я праводзіў у 2011 годзе. Тады яшчэ не патрабавалі папярэдніх дамоваў на абслугоўванне, і атрымаць дазвол было рэальна. Дарэчы, тады мы таксама ўздымалі праблему палітвязняў. Цяпер наш выканкам узяў "на ўзбраенне" тактыку віцебскіх уладаў, якія і прыдумалі гэткую паслядоўнасць: спачатку дамовы, потым дазвол. А дамовы заключаць ніхто не будзе, пакуль улады не дадуць "дабро,"—каментуе рашэнне суду актывіст руху "За Свабоду" Яраслаў Берніковіч.

Сапраўды, невыканальныя патрабаванні прыдумаў Віцебскі гарвыканкам яшчэ ў 2009 годзе. З тае пары ў абласным цэнтры не было дазволена ніводнай акцыі па ініцыятыве прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Як ні даводзілі актывісты, што рашэнне парушае іх правы, а таксама замінае рэалізацыі закону аб масавых мерапремствах, усё безвынікова. Медыцынскія службы адмаўляюцца ад дзяжурства на мітынгах і пікетах з любых магчымых прычын, і нават праз суд змусіць іх да заключэння дамоваў немагчыма. Абласная ўправа МУС наўпрост адказвае арганізатарам, што будзе рабіць так, як прадпісана заканадаўствам: заключаць дамовы толькі пасля атрымання арганізатарамі дазволу, а рашэнне гарвыканкаму №881 міліцыянты проста ігнаруюць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства