Колькасць забароненых у Віцебску пікетаў "пераваліла" за 50
Апошнюю адмову ад адміністрацыі Першамайскага раёна атрымалі Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў. 29 кастрычніка яны хацелі правесці пікет салідарнасці з палітвязнямі.
Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падрыхтавалі заяўку такім чынам, каб у раённых уладаў было найменей падставаў адмовіць. Пікет салідарнасці з палітвязнямі быў прызначаны на будзённы дзень, бо перадапошнім разам актывістам не ўдалося заключыць дамову на абслугоўванне акцыі з медыкамі. З цэнтральнай гарадской паліклінікі адказалі, што ў выходныя няма магчымасці арганізаваць дзяжурства машыны хуткай дапамогі, бо іх на працы і так нямнога.
"Гэтым разам медыкі адмовілі нам ізноў. Але ўжо не ўказаўшы аніякае прычыны ўвогуле – проста напісалі, што немагчыма заключыць з намі дамову, дый усё! З міліцыі на наш запыт мы ўвогуле не дачакаліся адказу. Прынамсі, ліст пра забарону акцыі з Першамайскай раённай адміністрацыі мы ўжо атрымалі, а з управы МУС – не. Хаця лісты па адказных структурах мы разаслалі раней, чымсьці падавалі заяўку. Такім чынам, з усіх адрасатаў станоўчы адказ мы атрымалі толькі ад структуры ЖКГ, яны не супраць заключыць з намі дамову на прыборку пасля пікета", - распавёў Аляксей Гаўруцікаў.
Папярэдняе заключэнне дамоваў на абслугоўванне акцый рэгламентавана рашэннем гарвыканкаму №881 "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску" . Яно было прынята тры з паловай гады таму, я з тае пары ў Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі па ініцыятыве апазіцыйных актыістаў. Хаця колькасць пададзеных за гэты час заявак сягае ўжо за паўсотні, працягвае спадар Гаўруцікаў:
"У 2011 годзе мы са спадаром Жаляпавым падавалі заяўкі штомесяц. У мінулым годзе, можа, крыху радзей. Сёлета – зноў штомесяц. Апрача нас, актыўна падаюць заяўкі сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ, праваабаронцы. Адным слова, штук 50 заявак дакладна было пададзена. Але – беспаспяхова. Бо рашэнне гарвыканкаму выканаць нікому не ўдаецца: адказныя структуры -- а гэта міліцыя, ЖКГ і медыкі – адмаўляюцца з намі супрацоўнічаць, спасылаючыся на розныя прычыны. А то і ўвогуле без тлумачэнняў, як апошнім разам, калі нам забаранілі праводзіць пікет салідарнасці з палітвязнямі".
Віцебскія актывісты лічаць, што рашэнне гарвыканкаму стадла перашкодай для рэалізацыі права на свабоднае выказванне думак і права на мірныя сходы. Неаднаразова яны звярталіся ў гарвыканкам і аблвыканкам, каб змяніць рашэнне №881. Але ўлады не пагаджаюцца. Не дапамагаюць і звароты ў суд з тым, каб змусіць адказныя структуры да заключэння дамоваў: суды не падтрымліваюць патрабаванні актывістаў. Суддзі цвердзяць, што заключэнне дамоваў для апазіцыянераў – справа абавязковая, а для дзяржаўных структураў – не, і таму яны могуць адмаўляцца ад супрацоўніцтва. Звярнуцца ў нейкія альтэрнатыўныя службы таксама не выпадае: у рашэнні гарвыканкама "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску" дакладна прапісана, што дамаўляцца трэба толькі з канкрэтнымі ўстановамі, і ніяк інакш.