Крысьціна Шацікава давала тлумачэньні ў Пракуратуры Магілёва адносна пададзенай скаргі
Учора магілёўская актывістка Крысьціна Шацікава была выклікана ў Пракуратуру Ленінскага раёна Магілёва для дачы тлумачэньняў. У пракурора ўзьніклі пытаньні адносна скаргі Шацікавай на дзеяньні адміністрацыі Магілёўскага абласнога псіхіятрычнага шпіталю, якую Крысьціна падавала ў пракуратуру раней. Як стала вядома ПЦ “Вясна”, свае тлумачэньні на гэты час прадставілі работнікі лякарні, якія мелі дачыненьне да гвалтоўнага ўтрыманьня актывісткі ў псіхіятрычцы. Неўзабаве пракуратура павіньна вынесьці сваё рашэньне.
У гэты ж дзень Крысьціна Шацікава праз свайго адваката перадала яшчэ адну скаргу на супрацьзаконнае зьмяшчэньне ў псіхіятрычны стацыянар, на гэты раз у суд Кастрычніцкага раёна Магілёва. Гэтая скарга павінна быць разгледжана ў месячны тэрмін, калі ў суддзі не ўзнікне неабходнасці ў правядзеньні дадатковых следчых деяньняў.
Сёньня, як паведамляе Радыё Свабода, Крысьціна Шацікава наведае камісію па справах непаўналетніх. У камісіі мяркуюць, што яна не выконвае належным чынам бацькоўскіх абавязкаў. Грамадзкая актывістка паведаміла, што дзяцей яна нікому не аддасьць і іх у яе не забяруць. Яна лічыць, гэта мэтадам уціску. “Адзінае, чаго я баюся ў жыцьці, гэта згубіць сваіх дзяцей,”-- зазначае Крысьціна Шацікава.