Мітр. Кандрусевіч папрасіў святароў быць уважлівымі, каб «не быць уцягнутымі ў супрацьпраўныя дзеянні»
Мітрапаліт заклікаў маліцца за ксяндза Лазара, але не рабіць нічога без узгаднення з біскупам.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў каталіцкіх святароў маліцца за арыштаванага дзяржбяспекай ксяндза Уладзіслава Лазара, але перасцярог ад паспешлівых дзеянняў. Гэтую заяву ён зрабіў на сустрэчы са святарамі святароў і кансэкраванымі асобамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Вілейцы.
«На сустрэчы з каталіцкім духавенствам арцыпастыр нагадаў пра сітуацыю з арыштам ксяндза Уладзіслава Лазара, заахвочваючы святароў, законнікаў і законніц маліцца ў гэтай сітуацыі, а таксама не прадпрымаць ніякіх дзеянняў без ўзгаднення з біскупам», — паведамляе афіцыйны сайт касцёла ў Беларусі Catholic.by.
«Гэтая справа выклікала шырокі рэзананс у Беларусі і свеце і, на жаль, не спрыяла адзінству. Следства працягваецца, і сёння цяжка рабіць здагадкі, чым завершыцца справа. Трэба маліцца», — цытуе сайт арцыбіскупа Кандрусевіча.
Арцыбіскуп «папрасіў святароў аб далучэнні гэтай справы да малітваў вернікаў, а таксама па абставiнах, пасля літургіі, асабліва ў нядзелю, маліцца ў храмах аб шчаслівым вырашэнні гэтай праблемы».
Такі зварот арцыбіскупа можна расцаніць як праяву заклапочанасці. Нядзельная малітва на літургіі ўключае самыя важныя па значнасці справы. Раней касцёл ставіўся да справы з максімальнай асцярожнасцю. Не было ніякіх выказванняў ані ацэнак з боку іерархаў. Гэта выклікала крытыку з боку актыўных святароў і свецкіх: арышт Лазара многія ўспрынялі найперш як спробу застрашыць каталікоў і стварыць атмасферу недаверу да іх.
Толькі праз некалькі месяцаў пасля затрымання стала вядома, што КДБ абвінавачвае ксяндза Лазара ў здрадзе дзяржаве. Гэтую інфармацыю атрымала Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў.
«Атрыманая інфармацыя зводзіцца да наступнага — ксёндз У. Лазар сапраўды затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. Ён абвінавачваецца ў парушэнні п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт.16 «Саўдзел у злачынстве» Крымінальнага кодэкса, — паведамляў касцёл. — Ксяндзу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы».
«Мы нядаўна затрымалі аднаго з здраднікаў, які служыў у спецслужбах і які праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы быў звязаны з замежнымі дзяржавамі», — адзначыў Лукашэнка журналістам.
На пастырскай сустрэчы ў Вілейцы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама паведаміў, што агульнабеларуская сустрэча каталіцкіх святароў, прымеркаваная да завяршэння Года веры, пройдзе 15 лістапада ў мінскай парафіі Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).
Сайт Catholic.by піша, што мітрапаліт «падзякаваў прысутным за адданую працу, заклікаў да еднасці і папрасіў быць уважлівымі, каб «не быць уцягнутымі ў супрацьпраўныя дзеянні». «Няхай словы псальма «як добра жыць братам у еднасці» дапамогуць нам будаваць еднасць паміж намі, бо ў гэтым наша сіла», — пажадаў Мітрапаліт.