viasna on patreon

Бабруйск: сябры СПБ судзяцца з адміністрацыяй завода за нявыплату прэмій

2013 2013-09-18T11:16:31+0300 2013-09-18T11:16:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babr-prafsajuz-spb-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня суд Бабруйскага раёна працягнуў разгляд справы аб нявыплаце грашовых прэмій сябрам пярвічкі Свабоднага прафсаюза беларускага на заводзе Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА).

Працоўныя дамагаюцца выплаты квартальнай прэміі – за высокую культуру вытворчасці. Яе, як сцвярджаюць пазоўнікі, не атрымалі толькі сябры СПБ. 

Падчас судовага пасяджэння рабочыя выказваюць абурэнне з нагоды таго, што да іх ставяцца, як да “недастойных”. Суддзя Тамара Карпоўская пацікавілася, ці ёсць дэпрэміраваныя сярод сябраў АСМ (афіцыйны прафсаюз). (Напрыканцы пасяджэння прадстаўнікі адміністрацыі прадастаўляюць ёй поўны спіс працоўных, якія не атрымалі прэміі. У ім сапраўды ёсць прозвішчы людзей, якія не маюць дачынення да СПБ. Але, як сцвярджаюць пазоўнікі, яны не маюць дачынення і да квартальнай прэміі: гэта жанчыны, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках, навічкі, якія працуюць менш за тры месяцы, а таксама парушальнікі ўнутранага распарадку завода).

Суддзя Карпоўская адзначае, што гэта не калектыўная спрэчка, і справа будзе разглядацца ў адносінах да кожнага заяўніка індывідуальна.

Пракурор Таццяна Хмялеўская цікавіцца, ці звярталіся працоўныя у камісію па працоўных спрэчках. Сябры СПБ тлумачаць, што пасяджэнне камісіі не адбылося, і таму яны былі вымушаныя звярнуцца ў суд.

Пачынаюцца доўгія спрэчкі наконт таго, ці законным было неправядзенне КПС (камісія па працоўных спрэчках). Прадстаўнікі адміністрацыі сцвярджаюць, што “свабоднікі” не прынеслі ўсе неабходныя дакументы ў вызначаны тэрмін. Яны таксама перадаюць суддзі журнал, дзе рэгіструюцца заявы жадаючых увайсці ў склад камісіі. Міхаіл Кавалькоў сцвярджае, што гэты журнал – фальсіфікацыя, і быў напісаны за два апошнія дні, пасля першага пасяджэння. Андрэй Валатковіч, начальнік юрыдычнага аддзела завода, зноў даводзіць, што дасудовая працэдура заяўнікамі не была выкананая, і таму справу трэба закрыць. Пры гэтым ён называе Кавалькова “вядомы скандаліст”.

Прадстаўнікі адміністрацыі выклікалі сведку, аператара ПЭВМ Валянціну Антаневіч, якая вядзе рэгістрацыю заяваў з усіх цахоў, у тым ліку “ад сябраў свабоднага і несвабоднага прафсаюза”, - як адзначыла сама жанчына. З яе з’яўленнем усчалася новая спрэчка, у якой высвятлялася, ці данеслі заяўнікі поўны пакет дакументаў для рэгістрацыі сябрамі КПС. Потым высвятляецца, што праз колькі дзён Генадзь Лабачоў, намеснік старшыні пярвічкі СПБ, забраў заявы назад. Валянціна Антаневіч кажа “літаральна на наступны дзень”, Лабачоў  сцвярджае, што праз дзесяць дзён. (Нагадаем, на першым судовым пасяджэнні  прадстаўнікі адміністрацыі сцвярджалі, што ад “свабоднікаў” і зусім не паступала ніякіх заяў).

Раптам высвятляецца, што Антаневіч не ўзяла позву на гэтае судовае пасяджэнне, якую ёй прынес адзін з сябраў СПБ, бо “яна была брудная і мятая”. Суддзя парыравала, што гэтую позву вярнулі ў суд, і яна была ў добрым стане.

Са з’яўленнем сведкі Анатоля Бокія, намесніка начальніка цэха №2 па вытворчасці, пачынаецца высвятленне, што ж такое “культура вытворчасці”.

Рабочыя ўзгадваюць, што Бокій сам казаў ім аб тым, што прычына дэпрэміравання – іх сяброўства ў СПБ. На судзе ён адмаўляецца ад гэтых слоў, чым выклікае яшчэ большае абурэнне з боку падначаленых. Калі гэтае ж пытанне дублюе начальнік упраўлення бяспекі ТДіА Міхаіл Каралёў, сведка адказвае: “мне асабіста бяз розніцы, хто ў якім прафсаюзе”.

Анатоль Бокій сцвярджае, што заяўнікаў дэпрэміравалі з-за парушэння тэхнікі бяспекі. На пытанне, ці былі рабочыя прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, ён адказвае “не памятаю”. На пытанне пракурора, хто дае спісы на прэміі, Бокій кажа, - майстры, начальнікі цахоў.

Начальнік упраўлення бяспекі ТДіА перадае суддзі журнал кантролю аховы бяспекі працы. Пры гэтым ён адзначае, што “тэхніка бяспекі” і “культура вытворчасці” – розныя рэчы.

-Калі гэтыя дзесяць чалавек “разбурылі культуру”, то, напэўна, усяму цэху не далі б прэмію? – запыталася Тамара Карпоўская ў наступнага сведкі, Мікалая Зазулі, намесніка начальніка цэха па тэхнічнай частцы. Мужчына кажа, што не ўдзельнічаў у налічэнні прэмій, але адзначае, што парушэнні рабочых заносяцца ў вышэйузгаданы “журнал штомесячнага кантролю”.

Суддзя здзіўляецца, бо раней ужо высветлілі, што тэхніка бяспекі і культура вытворчасці -- гэта розныя рэчы. Яна знаходзіць дакумент, у якім гэты факт падцверджаны: “Тут утрымліваюцца такія паняткі, як чысціня і парадак, напрыклад, але ні слова няма пра тэхніку бяспекі”.

-Якая ваша роль у прэміраванні ці дэпрэміраванні? Я так разумею, усе прадстаўнікі адміністрацыі “звальваюць” гэтую місію адзін на аднаго. Спісы на прэміі “папраўляюць” зверху ці ўсё вырашае начальнік цэха? Мы ўжо другі дзень слухаем, і не можам зразумець, хто ў вас на заводзе за што адказвае, і што такое “культура вытворчасці”. Таксама цікава, хто вызначаў, каму заплаціць 200, а каму 300 тысяч прэміі? – звярнулася пракурор Таццяна Хмялеўская з пытаннямі да прадстаўнікоў адміністрацыі, але выразныя і зразумелыя адказы на іх так і не прагучалі.

Андрэй Валатковіч пытае ў Мікалая Зазулі, ці прасіў ён рабочых, каб выходзілі з СПБ? Пазоўнікі кажуць “да Зазулі пытанняў няма, толькі да Бокія!”

Міхаіл Кавалькоў хадатайнічае, каб на наступнае пасяджэнне былі запрошаныя ўсе дэпрэміраваныя рабочыя і расказалі, чаму не атрымалі грашовыя бонусы. Пракурор нагадвае, што гэта не калектыўныя спрэчкі, і хадатайніцтва адхіляюць.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначана на 19 верасня, у 9.30. На ім будуць слухацца спрэчкі бакоў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства