У Гародні выкладчыкаў заклікаюць перайсці на расейскую мову навучання
Новы дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызмуАляксандар Нечухрын выступіў з прапановай перайсці сваім выкладчыкам, якія заўсёды вялі навучанне па-беларуску, на расейскую.
Прафесар Аляксандар Краўцэвіч, які працаваў калісьці ва ўніверсітэце на пасадзе прарэктара, здзіўлены такой пазіцыяй новага дэкана.
- Весткі трывожныя пра русіфікацыю гістарычнага факультэта Гарадзенскага ўніверсітэта. Русіфікацыя звязаная з новым дэканам Аляксандрам Нечухрыным. У прыватнасці, ён настойвае на пераводзе курсаў, якія чытаюць на беларускай мове, на расейскую. З тлумачэннем, што, маўляў, туркмены нас не разумеюць. Туркменам трэба дагаджаць, а беларусам – не! Я маю інфармацыю, што замовіў новы дэкан змяніць усе шыльдачкі: назвы кафедр, дэканату, якія пакуль на беларускай мове, на рускамоўныя.
Такая пазіцыя Аляксандра Нечухрына, на думку навукоўцаў, якія працуюць і не працуюць ва ўніверсітэце, магчыма звязана з агульнай палітыкай кіраўніцтва ўніверсітэта. Такія дзеянні яны параўноўваюць з працай ў Беларусі сумнавядомых Мураўёва Вешальніка ці Сталыпіна па русіфікацыі краю. Апрача таго, такія дзеянні парушаюць асноўны закон краіны.